2012-03-16 11:42:13

Ватыканcкі гісторык: Езус быў сапраўдным заканадаўцам


RealAudioMP3 Словы Езуса, як нарматыўны фундамент для станаўлення Касцёла – гэта тэма кнігі “Езус заканадаўца” італьянскага гісторыка Анарато Бучы. Яе прэзентацыя адбылася ў Ватыкане. У кнізе, якая была падрыхтавана ў супрацоўніцтве з Папскім камітэтам гістарычных навук, аналізуюцца крыніцы аб Езусе ў кантэксце ізраільскай традыцыяй, а таксама юрыдычнае станаўленне Касцёла на працягу першага тысячагоддзя яго гісторыі. У прэзентацыі выдання прыняў удзел кардынал Дзяржсакратар Тарчызіо Бэртонэ. Ён адзначыў, што кананічнае права не з’яўляецца толькі прыладай, якая выкарыстоўваецца Касцёлам для вынакання сваёй місіі, але мае “узорнае вымярэнне для грамадства, прадстаўляючы ўладу, як служэнне супольнасці з увагай на дабро чалавека”.

Кардынал Бэртонэ падкрэсліў, што ў свеце не існуе больш старажытнай арганізацыйнай структуры чым касцёльная і ніякае іншае права не мае такой сілы і здольнасці, каб цалкам зразумець патрэбы чалавека.

Аўтар кнігі, Анарато Бучы, член Папскага камітэта гістарычных навук, адзначыў, што “нагорная пропаведзь” Хрыста была сапраўднай Канстытуцыяй для Касцёла, у той час, калі мараль і права былі неразрыўнымі паняццямі.

“У старажытным Ізраэлі не было розніцы паміж Ius i Fas, паміж этычнай нормай і юрыдычнай, паміж унутраным і знешнім актам, таму становіцца зразумела, што Езус быў сапраўдным заканадаўцам. Паняцце любові было юрыдычным паняццем. Яна не разумелася толькі як ахвяра, але як агапэ, а агапэ – гэта першапачаткова юрыдычны тэрмін. Толькі з цягам часу ён стаў сацыялагічным”, - расказаў Анарато Бучы.








All the contents on this site are copyrighted ©.