Асабісты сакратар Папы аб сваіх абавязках і быце Святога Айца
Другі асабісты сакратар
Бэнэдыкта XVI кс. Альфрэд Куэрэба расказаў аб сваёй працы побач са Святым Айцом. У
інтэрв’ю інтэрнэт газезе “Nichelino on-line” 53-гадовы святар з Мальты, расказаў,
што ён разам з кс.-прэлатам Георгам Генсвайнам, першым сакратаром Пантыфіка, рыхтуе
дакументы для папскіх аўдыенцый, сартыруе карэспандэнцыю, якая штодзённа прыбывае
з Дзяржсакратарыята. “Адным з маіх абавязкаў з’яўляецца збор лістоў з просьбамі аб
малітве, якія прыходзяць да Святога Айца. Аб гэтым просяць хворыя ці людзі, якія перажываюць
пакуты і цяжкасці. Я пакідаю гэтыя лісты на кленчніку ў капліцы, дзе моліцца Папа”,
- расказаў святар. Ён падкрэсліў, што Святы Айцец паміж шматлікімі справамі памятае
аб людзях. “Кожны дзень ён пытаецца аб розных сітуацыях”, - расказаў кс. Куэрэба.
Папскі
сакратар прывёў адзін прыклад таго, як Папа адносіцца да сваіх блізкіх. “Некалькі
дзён таму мы выходзілі на прагулку ў сады, каб памаліцца на ружанцы. Было даволі холадна
і я дапамог Святому Айцу апрануць ветроўку. Калі мы выходзілі абедзьве мае рукі былі
заняты, але Папа павярнуўся і дапамог мне апрануць паліто. Ён сказаў: “Мы павінны
дапамагаць адзін аднаму”, - прыгадаў кс. Куэрэба.
Ён таксама расказаў, што
кожную раніцу слухае навіны па радыё, а потым расказвае Папе аб самых важных падзеях.
“Пасля вячэры мы праглядаем разам навіны па тэлебачанні – нямецкім ці італьянскім”,
- сказаў святар. Ён падцвердзіў таксама, што Пантыфік часам грае на фартэпіяна, а
ў сваім кабінеце мае тыя самыя рэчы, якімі карыстаўся яшчэ будучы ўніверсітэцкім прафесарам.