2012-03-15 13:00:40

Мінск: нацыянальная бяспека і прысутнасць сектаў у Беларусі


RealAudioMP3 Рэлігійны фактар – падмурак нацыянальнай бяспекі краіны – сцвердзілі 15 сакавіка ўдзельнікі круглага стала з аднаіменнай назвай. У Мінску, у бібліятэцы імя Якуба Коласа сабраліся прадстаўнікі Акадэміі навук Беларусі, Праваслаўнай Царквы і Каталіцкага Касцёла, грамадскіх аб’яднаняў. Арганізатарам сустрэчы з’яўляецца духоўна-асветніцкая праграма Беларускай Праваслаўнай Царквы “Сям’я-Яднанне-Айчына”. Як адзначыў яе кіраўнік Уладзімір Грозаў, гэта не проста палеміка, гэты форум павінен стаць пачаткам сумеснай працы Царквы, навукі і дзяржавы. А фронт работ вялікі. Дэмаграфічныя працэсы, маральныя каштоўнасці, нетрадыцыйныя рэлігійныя рухі і дэструктыўныя секты. Сёння ў Беларусі дзейнічае больш за 700 сектаў і культаў – ад бязкрыўдных аднадзёнак да моцна структураваных і распаўсюджаных. Па словах кіраўніка цэнтра імя Іосіфа Валоцкага Мінскай епархіі Уладзіміра Марціновіча, статыстыка нетрадыцыйнай рэлігійнасці застаецца нязменнай, таксама лічбы не адрозніваюцца ад большасці еўрапейскіх краін. Але гэта не прычына, каб не заўважаць праблему.

Краіна страціла духоўны імунітэт, калі не знайсці лекі – будзе, на жаль, позна, упэўнены кс. Уладзіслаў Завальнюк, пробашч касцёла св. Сымона і св. Алены. Ён выказаў перакананне, што дзяржаўныя органы, адказныя за рэгуляванне рэлігійнай сферы ў Беларусі, павінны больш шчыльна і адказна займацца праблематыкай нетрадыцыйных рэлігійных рухаў і пазбягаць іх прававой легалізацыі, што нажаль адбываецца цяпер.

Ларыса Абрамчук, Мінск








All the contents on this site are copyrighted ©.