2012-03-11 14:29:17

"З сэрцам у кантакце". Літургічнае жыццё Усходніх Каталіцкіх Цэркваў візантыйскага абраду (І)


RealAudioMP3 Сёньня гэтай перадачай я распачынаю сэрыю радыёзамалёмак пра багаслужэньне Усходніх Каталіцкіх Цэркваў бізантыйскай традыцыі, да якой належыць таксама Беларуская Грэка-каталіцкая Царква. У падрыхтоўцы гэтай перадачы мне моцна памагла кніга протапразбітара а. Барыса Бабрынскага "Літургічнае жыцьцё".

Ці патрэбна літургія?

Перад тым, як распачнем паглыбляцца ў пытаньні багаслужэньня, мне хацелася б перад вамі, сябры, паставіць фундаментальнае пытаньне: ці патрэбнае багаслужэньне, ці патрэбны нейкія зьнешнія формы ў духоўным жыцьці?

Шматлікія хрысьціяне, асабліва пратэстанты, схільныя адкідаць зьнешнія формы. Яны сьцьверджваюць, што наяўнась культу, абраду супярэчыць Бібліі. Аднак жа думаць так – значыць моцна памыляцца.

Сьвятое Пісаньне вучыць нас, што чалавек быў створаны Богам, які ад пачатку зрабіў яго матэрыяльным. Бог, стварыўшы чалавека, гаворыць, што стварыў яго добрым (пар. Род. 1, 31). Такім чынам матэрыя не зьяўляецца нечым злым, а мы, людзі, будучы матэрыяльнымі, патрабуем зьнешніх знакаў. Вельмі добра разумеў гэта і Ісус, які ўчыніў для людзей шматлікія матэрыяльныя знакі (перамяняў воду ў віно; рабіў бруд, каб памазаць вочы сьляпому; бласлаўляў хлеб і віно на Апошняй Вячэры і г.д.).

Колы багаслужэньняў

Царква асьвячае час, і робіць гэта згодна з натуральнымі рытмамі, якія існуюць у прыродзе. Мова ідзе пра суткі, тыдзень, год. Адпаведна ім існуюць наступныя колы багаслужэньняў: сутачнае кола, тыднявае кола, кола сьвятаў рухомых (інакш пасхальнае кола) ды кола сьвятаў нерухомых.

Адпаведна кожнаму колу існуюць свае літургічныя тэксты (малітвы), які знаходзяцца звычайна ў адмысловых кнігах. Гэтак у сутачнае кола ўваходзяць багаслужэньні ночы і дня: вячэрня, полушніца, ютрань, гадзіны (першая, трэцяя, шостая, дзевятая), абедніца. Тэксты гэтых багаслужэньняў знаходзяцца ў кнізе, якая называецца "Часаслоў" (або па-грэцку Horologion). Пра тэксты "Часаслова" можна сказаць, што гэта такія сталыя часткі багаслужэньня да якіх (у залежнасьці ад тыдня ды дня месяца) дадаюцца зьменныя часткі.

Наступнае тыдневае кола характарызуецца тым, што зьмяшчае ў сабе літургічныя тэкты васьмі асобных тыдняў, якія сьпяваюцца на сваю ўласную мелёдыю – тон (па-цэркоўнаславянску глас). Адпаведна такіх таноў – восемь, адсюль і паходзіць назва кнігі, якая ўтрымліва гэтыя літургічныя тэксты – Актоіх (Parakletyk, васьмігласьнік). Агулам тэксты Актоіха разлічаны на 56 дзён багаслужэньня на працягу сямі дзён тыдня.

Пасхальнае кола агортвае сабою:

тыдні перадпосьця,
Вялікі Пост,
Вербную Нядзелю,
Вялікі Тыдзень,
Вялікдзень (Уваскрасеньне Госпада нашага Ісуса Хрыста),
тыдні пасля Уваскрасеньня разам з Узьнясеньнем і Пяцідзесятніцай, аж да нядзелі Усіх Сьвятых уключна.

Тэксты Пасхальнага кола зьмешчаны ў двух кнігах – Постнай Трыёдзі і Пасхальнай (або Кветачнай) Трыёдзі (Triodion, Pentekostarion).

Нарэшце апошняе кола нерухомых сьвят. Да гэтых сьвятаў залічваюцца перад усім сталыя вялікія сьвяты:

Нараджэньне Багародзіцы, 8 верасьня,
Узвышэньня Крыжа Гасподняга, 14 верасьня,
Уваход Найсьвятой Багародзіцы ў сьвятыню, 21 лістапада,
Божае нараджэньне, 25 сьнежня,
Богазьяўленьне (Хрост Гасподні), 6 студзеня
Сустрэча (Сретеніе), 2 лютага,
Дабравешчаньне, 25 сакавіка,
Перамяненьне Гасподняе, 5 жніўня,
Успеньне Найсьвятой Багародзіцы, 15 жніўня.

Да гэтага самага кола належаць таксама сьвяты прысьвечаныя сьвятым ды некалькі сьвятаў, якія маюць уласныя багаслужбовыя тэксты. Усе тэксты кола нерухомых сьвятаў знаходзяцца ў 12 тамах літургічных кнігаў, якія называюцца Мінэі (ад грэцкага слова "месяц").

Такім чынам, кожнаму месяцу літургічнага году адпавядае адзін том Мінэі. Аднак не на кожнае месцы малітвы можна прынесьці 12 тамоў Мінэй, таму існуе кніга Агульная Мінэя, якая ўтрымлівае агульныя тэксты прароку, апосталу, некалькім апосталам і г.д. Агульная Мінэя звычайна ўжываецца разам з Мінэяй Сьвяточнай, якая утрымлівая тэксты на сьвяты.

Асьвячэньне часу на патрэбу

Багаслужбовая малітва не зьяўляецца адзіным спосабам, якім Усходнія Каталіцкія Царквы асьвячаюць час. Царква па сутнасьці асьвячае час, ня толькі як нейкую рэчаіснасьць незалежную ад нас, але таксама наш уласны час. Яна дае сваё блаславеньне ў такія моманты нашага жыцьця, як нараджэньне, шлюб, хвароба, служба Царкве, сьмерць.

Акрамя гэтага Царква хоча перадаваць Божае бласлаўленьне праз асьвячэньня памяшканьняў, аўтамабіляў ды іншых рэчаў; праз спецыяльныя малітвы перад падарожжам, пачаткам вучобы і г.д.








All the contents on this site are copyrighted ©.