2012-03-10 09:35:12

Кс. Ламбардзі нагадвае аб гадавіне землятруса ў Японіі


RealAudioMP3 Дырэктар Ватыканскага радыё і Кіраўнік Залі Друку Апостальскай Сталіцы італьянскі іезуіт кс. Фэдэрыко Ламбардзі нагадаў аб моцным землятрусе, які год таму абрынуўся на Японію і выклікаў вялікія чалавечыя ахвяры. “Моцны землятрус, які ўдарыў па Японіі 11 сакавіка мінулага года застанецца ў памяці не толькі народа краіны Узыходзячага Сонца, але ўсяго свету”, - адзначыў кс. Ламбардзі. - Таксама і жудаснае цунамі ў Індыйскім Акіяне, што адбылося ў снежні 2004 г. і прынесла сотні тысяч ахвяр”. Святар падкрэсліў, што ў выніку японскага землятруса і цунамі загінула каля 20 тыс. чалавек. “Ён застаў у расплох краіну, якая жыве з такімі катастрофамі на працягу стагоддзяў, але да гэтай была не падрыхтавана. Працяг катастрофы звязаны з аварыяй на атамнай электрастанцыі “Фукусіма”, наступствы якой будуць адчувацца яшчэ на працягу доўгага часу. Давер да навуцы, меры бяспекі, уся добра арганізаваная энэргетычная палітыка краіны былі пастаўлены пад пытанне. Сёння ў Японіі функцыянуюць чатыры атамныя рэактары, у той час як 50 былі спынены”, - расказаў іезуіт.

Кс. Ламбардзі адзначыў, што навукоўцы думаюць, што мінулагодняя катастрофа стварыла нестабільную сітуацыю і цяпер магчымы іншы моцны землятрус. “Жыццё, чаканні змяніліся. Мы ўсе глядзелі з захапленнем з якой адвагай, годнасцю і салідарнасцю японскі народ адказаў на гэту трагедыю і арганізаваўся, каб перажыць яе наступствы”, - сказаў святар. Ён таксама нагадаў, як у Вялікую Пятніцу, адказваючы на пытанне японскай дзяўчынкі падчас тэлевізійнай праграмы Папа казаў: “Я таксама пытаюся чаму гэта адбылося. Мы не маем адказу, але ведаем, што Езус, пакутаваў як вы, нявінна. Бог мяне любіць і стаіць побач. Аднойчы я зразумею, што і гэтыя пакуты не былі надарэмнымі. Будзь упэўнена, мы разам з табой, з усімі японскімі дзецьмі, якія церпяць. Молімся разам, каб святло прыйшло да вас як мага хутчэй”.

“Перад абліччам трагедыі большай за нас, не згубіць надзею і мець здольнасць знайсці глыбокі сэнс нашага лёсу, нашага быцця на супольным зямным шляху”, - заклікаў кс. Ламбардзі ў сваёй штотыднёвай рубрыцы на нашым радыё “Octava Dies”.








All the contents on this site are copyrighted ©.