2012-03-09 11:58:04

Папа да амерыканскіх біскупаў: пазнаёміць моладзь з каштоўнасцю чысціні


RealAudioMP3 9 сакавіка Бэнэдыкт XVI сустрэўся з групай амерыканскіх біскупаў, якія прыбылі ў Рым ў рамках візіта “Ad limina Аpostolorum”. Папа адзначыў, што хоча звярнуць увагу на неабходнасць евангелізацыі сучаснай амерыканскай культуры, у святле інтэлектуальных і этычных праблем, якія ўзніклі ў краіне. Пантыфік звярнуў увагу на праблему крызіса інстытута сям’і і разумення сексуальнасці. Бэнэдыкт XVI адзначыў, што адмаўленне ад прынцыпа непарушнасці сям’і і непрыняцце сталай сексуальнай этыкі прывяло да сур’ёзных сацыяльных праблем, які выклікалі вялікія чалавечыя і эканамічныя выдаткі. Ён нагадаў, што сужэнства і сям’я павінны быць абаронены ад любых скажэнняў, каб адпаведна выконваць сваю сацыяльную ролю. Перад абліччам спробаў змяніць юрыдычнае акрэсленне сужэнства Папа адзначыў, што Касцёл павінен актыўна супрацьстаяць гэтаму феномену.

Акрамя таго Святы Айцец заклікаў прызнаць малую эфектыўнасць сучаснай катэхізацыі, прычынай чаго стала памяншэнне колькасці шлюбаў у Касцёле. Ён заахвоціў біскупаў імкнуцца распрацаваць больш адпаведныя сучасным выклікам пастрыскія праграмы, якія будуць улічваць тэндэнцыі сучасных грамадстваў.

Папа выказаў падзяку іерархам за тую дзейнасць, якая ажыцяўляецца ў парафіях, школах і дабрачынных установах; за дапамогу сем’ям, якія перажываюць цяжкасці; падтрымку адзінокіх маці і айцоў, а таксама дзяцей, якія пакутуюць ад развода бацькоў.

Бэнэдыкт XVI адзначыў, што ў пастырскай дзейнасці неабходна звярнуць асаблівую ўвагу на аднаўленне сярод людзей каштоўнасці чысціні і цнатлівасці. “Неабходна фарміраваць разуменне сексуальнасці, як крыніцы сапраўднай свабоды, шчасця і магчымасці выканання фундаментальнага і натуральнага паклікання чалавека да любові”, - сказаў Бэнэдыкт XVI. “У грамадстве, якое ўсё больш не разумее гэтага і імкнецца высмяяць гэты важны аспект хрысціянскага вучэння, маладыя людзі павінны быць упэўнены, што калі яны дазволяць Хрысту ўвайсці ў іх жыццё, яны нічога не згубяць, але наадварот, іх жыццё стане свабодным, прыгожым і шчаслівым”, - сказаў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.