2012-03-09 13:30:11

Кіраўнік Англіканскай Царквы прыбывае ў Рым


RealAudioMP3 10 сакавіка ў Рым прыбудзе архіепіскап Кентэрберыйскі і кіраўнік Англіканскай Царквы Роўэн Дуглас Уільямс. Яго візіт у Вечны горад працягнецца да 12 сакавіка. Ён прымеркаваны да святкавання ўспаміну св. Грыгорыя Вялікага і тысячагадовага юбілею заснавання першага манастыра камідулаў. Св. Грыгорый, яшчэ да таго як стаў Папай, разам з 40 братамі з гэтага манастыра здзейсніў місіянерскае падарожжа на тэрыторыю сучаснай Вялікабрытаніі і паўторна прынёс жыхарам вострава Евангелле. Асноўнымі момантамі візіта англіканскага іерарха ў Рым стануць аўдыенцыя ў Святога Айца Бэнэдыкта XVI, а таксама ўдзел у экуменічных нешпарах, якія адбудуцца ў базыліцы св. Грыгорыя на рымскім пагорку Цэлій. Гэта будзе трэцяя сумесная малітва Рымскага Пантыфіка і архіепіскапа Кентэрберыйскага ў гэтым касцёле. Папярэднія малітвы адбываліся ў верасні 1989 г., калі Ян Павел ІІ сустракаўся з былым кіраўніком Англіканскай Царквы архіепіскапам Робертам Рансі, і ў снежні 1996, падчас візіта ў Рым архіепіскапа Джорджа Кэррі.

Акрамя таго, у праграму візіта Роўэна Уільямса ўваходзіць удзел ў літургіі ў англіканскім касцёле св. Паўла ў цэнтры Рыма, канферэнцыі “Манаства і экуменізм”, а таксама наведванне старажытнага абацтва Монтэ-Касіно, дзе іерарх прыме ўдзел у малітве нешпараў і прамовіць даклад на тэму “Законнікі і місія бачныя з Англіі”.








All the contents on this site are copyrighted ©.