2012-03-09 14:33:22

Кс. Анджэй Капроўскі: хрысціянскае натхненне неабходна грамадскаму жыццю


RealAudioMP3 Праграмны дырэктар Ватыканскага радыё кс. Анджэй Капроўскі звяртае ўвагу на тое, што сучасныя ідэалогіі імкнуцца абмежаваць рэлігію рамкамі прыватнай, індывідуальнай і схаванай ад людзей сферы жыцця чалавека. У сваім разважанні пад назвай “Вера і стыль жыцця. Хрысціянскае натхненне ў грамадскім жыцці” святар, аднак, заўважае, што сярод палітыкаў і грамадскіх дзеячаў узрастае свядомасць важнасці рэлігіі для развіцця і жыццядзейнасці сацыяльнай сферы. Кс. Капроўскі адзначыў, што напярэдадні Сінода Біскупаў аб новай евангелізацыі, які пройдзе ў кастрычніку 2012 г. у Рыме, варта паразважаць аб укладзе Касцёла ў гэту сферу.Ён нагадаў, што Бэнэдыкт XVI заклікаў напоўніць любоўю не толькі “мікра-адносіны”: адносіны з сябрамі, ў сям’і і маленькіх групах, але таксама і макра-адносіны: у сацыяльнай, эканамічнай і палітычнай сферы. Кс. Капроўскі падкрэсліў, што падчас візіта ў Рым дэлегацыі Вялікабрытаніі 14-15 лютага 2012 г., з нагоды 30-годдзя дыпламатычных адносін паміж гэтай краінай і Апостальскай Сталіцай, глава дэлегацыі, баранесса Варсі таксама казала аб важнасці веры ў публічнай сферы і неабходнасці ўмацавання рэлігійнай ідэнтычнасці еўрапейцаў.

Святар нагадаў заклік Касцёла аб неабходнасці абароны правоў чалавека ва ўмовах глабалізаванай эканомікі, а таксама сувязі паміж працай, сацыяльнай справядлівасцю і рэлігійнымі традыцыямі. Ён адзначыў, што справядлівасць у сферы чалавечай працы мае месца не толькі ў хрысціянстве, але таксама і ў іншых рэлігіяй: ісламе, юдаізме і будызме.

Кс. Капроўскі нагадаў словы Святога Айца аб тым, што “хрысціянская рэлігія і іншыя веравызнанні могуць зрабіць свой уклад у развіццё, толькі калі Бог будзе прысутны ў публічным жыцці: ў культурнай, сацыяльнай, эканамічнай і асабліва палітычнай сферы”.

Фота www.tut.by








All the contents on this site are copyrighted ©.