2012-03-08 10:39:43

Старсбург: малітва біскупаў і палітыкаў за Еўропу


RealAudioMP3 Вечарам 7 сакавіка ў Страсбургскім катэдральным касцёле адбылася св. Імша за Еўропу, у якой прынялі ўдзел каталіцкія біскупы з краін паўднёва-усходняй Еўропы, а таксама шматлікія члены Савета Еўропы, супрацоўнікі Еўрапейскага суда. Літургія стала кульмінацыйным момантам трохдзённага форума арганізаванага Радай епіскапатаў Старога Кантынента, Саветам Еўропы і пастаяннай місіяй Апостальскай Сталіцы пры гэтым інстытуце. Св. Імшу ўзначаліў арцыбіскуп Стасбургскі Жан-Пьер Гралле, а гамілію прамовіў арцыбіскуп Альдо Джардано, пастанны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры Савеце Еўропы. Іерарх нагадаў, што на працягу гісторыі распаўсюджванне хрысціянства заўсёды было звязана з цяжкасцямі і было паспяховым дзякуючы крыві мучанікаў. Ён нагадаў, што таксама і сёння хрысціяне церпяць пераслед за сваю веру ў многіх кропках планеты: у Іраку, Нігерыі, Пакістане і іншых краінах. “Сёння, як і ўчора, не проста абвяшчаць свету Слова Божае, бо зло з’яўляецца вельмі моцным і перашкаджае дабру і святлу”, - сказаў арцыбіскуп Джардано і дадаў, што чым больш існуе цемры, тым больш хрысціяне павінны шукаць святла. Гэта, на яго думку, тычыцца як асабістага жыцця, так і грамадскіх і міжнародных праблем.

Іерарх звярнуў увагу на рэвалюцыйнасць Евангелля, якое навучае у першую чаргу служэнню іншым, а не клопату аб уласных выгадах і кар’ерным росце. Ён адзначыў, што чалавек не заўсёды прымае сыноўскія адносіны, якія прапануе Бог. “Сатана спакусіў Адама і Еву і сёння спакушае Еўропу да аўтаномнага шляху, адлучэння ад Айца, пошуку самастойнага збаўлення”, - сказаў арцыбіскуп Джардано і падкрэсліў, што “самота з’яўляецца сумнай, а свабода сама па сабе, не дае збаўлення. Ён заклікаў даверыцца Богу, які можа задаволіць чаканні вечнасці, прыгажосці, праўды, любові і жыцця”. Акрамя таго арцыбіскуп Джардано падкрэсліў, што гэта тычыцца і грамадскіх адносін, якія не могуць складацца толькі з абавязкаў і правоў, а павінны быць напоўнены бескарыснасцю, міласэрнасцю і адзінствам.








All the contents on this site are copyrighted ©.