2012-03-08 12:43:25

Бэнэдыкту ХVI былі прадстаўлены маркі з выявамі абразоў Рафаэля


RealAudioMP3 7 сакавіка пасля агульнай аўдыенцыі Бэнэдыкт ХVI сустрэўся з Вольфгангам Шаўблэ, міністрам фінансаў Германіі. Ён прадставіў Святому Айцу паштовую марку, выдадзенную Ватыканам і Германіяй з нагоды 500-годдзя абраза Рафаэля “Сікстынская Мадонна”. Гэта адна з найбольш вядомых карцін Маці Божай з Езусам на руках, якая знаходзіцца ў Дрэздэнскай галерэі. Святому Айцу была таксама прадстаўлена іншая паштовай марка, якую выдала Ватыканскае філатэлістычнае бюро. На ёй змешчана выява карціны “Мадонны з Фаліньё”, таксама аўтарства Рафаэля, якая зараз захоўваецца ў Ватыканскіх музеях.
У 1509 г. Рафаэль прыехаў ў Рым, дзе працаваў да канца свайго кароткага жыцця. Ён выконваў папскія заказы, ствараў знакамітыя размалёўкі ў Ватыканскім палацы, прымаў удзел у абнаўленні праекта базылікі св. Пятра і нарэшце быў прызначаны папам Львом Х кіраўніком усіх мастацкіх, будаўнічых і рэстаўрацыйных працаў у Рыме.
Прыкладна ў 1512 г. Рафаэль пачаў працу над вялікім палатном, якое павінна было ўпрыгожыць алтар касцёла св. Сікста у П’ячэнцы. Менавіта таму ў карціне ёсць выява Сікста ІІ, які быў Папам ў перыяд з 257–258 г. Біскуп грэцкага паходжання, Сікст быў абраны на Пасад св. Пятра ў самы разгар антыхрысціянскага пераследу, распачатага рымскім імператарам Валерыянам. Менш чым праз год Папа быў арыштаваны і пакараны смерцю на сваім біскупскім троне. У 1753 г. карціна, вядомая з той пары як “Сікстынская Мадонна”, была выкуплена з касцёла св. Сікста для палацу князя Саксоніі ў Дрэздэне.








All the contents on this site are copyrighted ©.