Старсбург: біскупы паўднёва-усходняй Еўропы гавораць аб праблемах Старога Кантынента
5 сакавіка ў Страсбургу
распачалася ХІІ сустрэча старшыняў епіскапатаў краін паўднёвага ўсходу Старога Кантынента,
арганізаваная Радай Біскупскіх Канферэнцый Еўропы ў супрацоўніцтве з пастаяннай місіяй
Апостальскай Сталіцы пры Савеце Еўропы. У праграме форума дыскусіі, даклады, малітвы,
а таксама св. Імша ў інтэнцыі Старога Кантынента, якая адбудзецца ў Старбургскай катэдры.
У інтэрв’ю нашаму радыё пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры Савеце Еўропы
арцыбіскуп Альдо Джардано адзначыў, што мэта сустрэчы – лепш пазнаёміцца з дзейнасцю
еўрапейскіх інстытутаў, паказаць ім сваю зацікаўленасць і адкрытасць, адначасова атрымліваючы
новыя веды. Іерарх адзначыў, што крызіс, які зараз перажывае Еўропа, закранае
саму еўрапейскую ідэнтычнасць, і ў гэтым кантэксце Касцёл мае асаблівую функцыю –
адкрыць хрысціянскія карані кантынента, ў аснове якіх ляжыць любоў, справядлівасць,
салідарнасць, прабачэнне і дапамога.
Гаворачы аб тэмах, якія будуць абмяркоўваць
удзельнікі форума іерарх звярнуў увагу на пагрозы прынцыпам рэлігійнай свабоды. “Калі
няма Бога ў жыцці грамадства, то няма фундамента, не хапае супакою і салідарнасці”,
- падкрэсліў арцыбіскуп Джардано.
Адным з асноўным пунктаў праграмы мерапрыемства
будзе св. Імша за Еўропу у якой прымуць удзел біскупы, члены Савета Еўропы, а таксама
прадстаўнікі розных супольнасцяў і дзеячы, зацікаўленыя ў практычнай рэалізацыі прынцыпаў
салідарнасці і супакою паміж народамі. “Мы памолімся ў інтэнцыі, каб Еўропа адкрылася
на тыя дары, якія Бог ёй дае. Бог ніколі не пакідаў Еўропы. Гэта мы пакінулі Бога,
і гэта наша праблема, а Ён заўсёды побач таму наша літургія, гэта заклік да Яго”,
- сказаў іерарх.