2012-03-05 10:56:21

Венгрыя ўзгадвае аб кардынале Міндсэнці – мужным змагары з дыктатурамі


RealAudioMP3 У Венгрыі праходзяць урачыстыя мерапрыемствы і навуковыя канферэнцыі з нагоды 120-годдзя з дня нараджэння Слугі Божага кардынала Ёзэфа Міндсэнці, арцыбіскупа Эштэрхом-Будапешскага, мужнага змагара з фашыскай і камуністычнай дыктатурамі. Гаворычы аб постаці іерарха падчас канферэнцыі арганізаванай Моладзевым таварыствам хрысціянскіх дэмакратаў Венгрыі намеснік прэм’ер-міністра гэтай краіны Цібар Наврашыш, адзначыў, што “чалавек, які ідзе за сваімі каштоўнасцямі не з’яўляецца ахвярай, але рыцарам, які напрыканцы перамагае”. Палітык нагадаў, што камыністычны рэжым у Венгрыі імкнуўся прымусіць Касцёл маўчаць, “каб знаходзіўся, як індзейцы, ў рэзервацыі і не выходзіў адтуль”.

Іншы ўдзельнік канферэнцыі, намеснік старшыні Моладзевага таварыства хрысціянскіх дэмакратаў Венгрыі Гергелі Гааль, адзначыў, што прыклад кардынала Міндсэнці з’яўляецца актуальным для сучаснай Венгрыі і усёй заходняй цывілізацыі, бо яна “вельмі патрабуе прыкладу мужнай і рашучай вернасці евангельскім каштоўнасцям”.

Дапаможны біскуп Эштэрхом-Будапешскай дыяцэзіі Янош Шыкелі, нагадаў, што працэс беатыфікацыі кардынала Міндсэнці пачаўся ў 2006 г. Сярод яго асаблівых рыс, іерарх падкрэсліў, клопат аб бедных, дапамогу ў фінансаванні адукацыі дзяцей і моладзі, абарону тых, каго пераследвалі, у тым ліку яўрэяў. “На працягу Адвэнта і Вялікага посту, ён жыў на хлебе і вадзе і спаў на падлозе. Заўсёды шмат працаваў. Сведкі расказваюць, што ён ўжо на працягу жыцця быў святым”, - адзначыў біскуп Шыкелі.

Кардынал Міндсэнці, у 1944 г. стаў біскупам Вешпрскім. За дапамогу польскім бежанцам быў арыштаваны нацыстамі. Пасля вызвалення, папа Пій ХІІ надаў яму кардынальскую годнасць. У 1949 г. быў арыштаваны камуністычнымі ўладамі, але быў вызвалены у часы Венгерскай рэвалюцыі 1956 г. Пасля уваходу савецкіх войскаў у Будапешт, кардынал быў вымушаны схавацца ў амерыканскім пасольстве, у якім прабываў на працягу 15 гадоў. У 1971 г. праз пасрэдніцтва Паўла VI атрымаў магчымасць пакінуць тэрыторыю пасольства, але без права працаваць у Венгрыі. Кардынал выехаў у Рым, а затым у Вену, дзе памёр 6 мая 1975 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.