2012-02-28 17:38:41

“100 пытанняў – 100 адказаў”: прэзентацыя рубрыкі


RealAudioMP3 На працягу некалькіх апошніх гадоў Касцёл стаў аб’ектам шматлікіх несправядлівых абвінавачванняў і правакацыйных нападак. Сёння гэта асабліва тычыцца двух сфер, якія прывабліваюць увагу грамадскасці: барацьбы з сексуальнымі злачынствамі і празрыстасці ў эканамічнай і фінансавай дзейнасці. Сексуальныя зложыванні некаторых святароў, якія мелі месца, былі асуджаны Касцёлам і зараз вядзецца актыўная дзейнасць па аднаўленні справядлівасці і дапамозе тым, хто пацярпеў у іх выніку. Калі гаварыць аб фінансавых злачынствах, то Касцёл усё часцей вымушаны адказваць на безгрунтоўныя і заведама правакацыйныя нападкі. Перад абліччам абвінавачванняў у непразрыстаці фінансавай сістэмы, Апостальская Сталіца спрыяе больш адкрытай дзейнасці ўсіх сваіх эканамічных інстытутаў. Сведчаннем гэтаму з’яўляецца далучэнне Святога Пасаду да шэрагу міжнародных канвенцый, якія тычыцца барацьбы з фінансавымі злоўжываннямі.

Напэўна, у сваім жыцці, кожны вернік таксама чуў шматлікія абвінавачванні ў адрас Касцёла, якія тычыліся дзейнасці інквізіцыі, крыжовых паходаў ці генацыда паўднёваамерыканскіх плямёнаў. Канешне, на працягу гісторыі такія абвінавачванні гучалі шмат разоў. Але ці заўсёды яны адпавядалі рэчаіснасці і паказвалі рэальнасць такой, якой яна была на самой справе? Гістарычныя факты паказваюць – што не.

Некалькі гадоў таму, у выніку апытання праведзенага Еўрапейскім Парламентам сярод студэнтаў універсітэтаў Старога Кантынента, стала вядомым, што каля 30% апытаных былі ўпэўнены ў тым, што Галілео Галілей быў спалены жывым на кастры. Амаль усе (каля 97%) не сумняваліся ў тым, што яго жорстка катавалі. Некаторыя нават маглі ўзгадаць аб так званай “гістарычнай праўдзе” – словах сярэдневечнага навукоўца, кінутых са злосцю ў твар інквізітара: “Eppur si muove!” (“І ўсё ж яна верціца !”). Напэўна студэнты былі б здзіўлены, калі б хто-небудзь расказаў ім аб тым, што падчас судовага працэсу над Галілеем, які сапраўды меў месца ў 1633 г., ён жыў у шыкоўным палацы з відам на Ватыканскія сады і ніводнага дня не пакутаваў фізічна. Пасля суда ён свабодна сустракаўся з біскупамі, супрацоўнічаў з манахамі і нават выдаў кнігу. Галілео Галілей памёр у сваім ложку ва ўзросце 78 гадоў, атрымаўшы прабачэнне і благаслаўленне Папы. Гэта здарылася 8 студзеня 1642 г. Адна з яго дачок, якая была законніцай, запомніла яго апошняе слова - “Езус!”.

Вядома, што легенда аб катаваннях і смерці Галілея была створана антыкаталіцкай прапагандай. Мы маем справу з адной з шматлікіх гістарычных выдумак, якія ствараліся з мэтай дыскрэдытацыі Касцёла і дэманстрацыі абмежаванасці і несучаснасці тых, хто да яго належыць. Цікава, што большасць фальсіфікацый стваралася на працягу XVIII-ХІХ ст. – эпохі так званай “Асветы” і адчайнага вызвалення ад “сярэдневечнага цемрашальства”. Напрыклад словы “І ўсё ж яна верціца” уклаў у вусны Галілея таленавіты журналіст Джузэппэ Барэцці, у сваёй кнізе “Італьянская бібліятэка”, якая была выдадзена ў 1757 г. Лондане, амаль праз 100 гадоў пасля смерці італьянскага навукоўца.

Аб тым, што на самой справе адбывалася з Галілео Галілеем і чаму ён апынуўся перад членамі дамініканскага трыбунала, я думаю, мы пагаворым больш падрабязна ў адной з будучых праграм. Але сёння, я хачу вам прадставіць новую рубрыку, якая будзе выходзіць кожны аўторак на нашым радыё пад назвай “100 пытанняў – 100 адказаў”.

У наш час усё часцей гаворка ідзе аб правінах католікаў перад светам. Эпоха сярэдневечча ўжо даўно называецца “цёмнымі стагоддзямі”. Касцёл абвінавачваецца ў тым, што перашкаджае навуковым даследванням, прагрэсу, абмяжоўвае правы чалавека і г.д. Гэта ўсё няпраўда. Кожны з пунктаў абвінавачванняў, кожная з так званых “чорных легенд”, створаных вакол Касцёла, патрабуе дасканалага аналізу дакументаў, ведання гісторыі і канешне гістарычнай рэальнасці, у якой адбывалася тая ці іншая падзея. Менавіта развянчанне міфаў у сферы адносін паміж Касцёлам і светам будзе галоўнай мэтай дадзенай рубрыкі. У гэтым нам дапамогуць кнігі шматлікіх даследчыкаў і апалагетаў Касцёла, на якія мы будзем абапірацца ў нашых штотыднёвых перадачах.

Вядома, што правакацыі, а таксама праўдзівыя і фальшывыя абвінавачванні, уплываюць на ідэнтычнасць католікаў. Некаторыя, не паглыбляючыся ў сутнасць пытанняў, нават пакідаюць Касцёл і губляюць сувязь з гэтай сапраўднай “сям’ёй”, якая не мае абмежавання ў прасторы і часе. Таму я прапаную таксама закрануць пытанні, адказы на якія неабходны для ўмацавання нашай сучаснай каталіцкай ідэнтычнасці: гэта малавядомыя, але важныя гістарычныя факты, знаёмства з касцёльнымі інстытутамі і іх дзейнасцю, постацямі святых ці звычайных католікаў, прыклад жыцця, якіх на мой погляд будзе карысным і цікавым кожнаму верніку.








All the contents on this site are copyrighted ©.