2012-02-27 17:27:06

Іспанія: дзень салідарнасці з эмігрантамі з краін Лацінскай Амерыкі


RealAudioMP3 Тэма новай евангелізацыі знаходзіцца ў цэнтры “Іспана-амерыканска дня”, які будзе адзначацца ў дыяцэзіях Іспаніі 4 сакавіка. З гэтай нагоды кардынал Марк Уэлле, старшыня Папскай Камісіі па справах Лацінскай Амерыкі, скіраваў спецыяльнае пасланне, у якім адзначыў, што “сёння Касцёл і ў Іспаніі, і ў Амерыцы стаіць перад падобнымі выклікамі”, якія заключаюцца ў пагрозах старажытнай каталіцкай традыцыі. Сярод гэтых пагроз іерарх назваў секулярызацыю, варожасць да Касцёла і яго паслання, а таксама “геданізм і рэлятывізм спажывецкага грамадства”. “У гэтым кантэксце перадача веры стала тэрміновым заданнем. Больш не дастаткова проста нагадваць аб хрысціянскіх каранях, але неабходна зрабіць больш актуальнай і жывой каталіцкую традыцыю, праз яе глыбокае ўкараненне ў сэрцах людзей, жыцці сем’яў і культуры народаў. Такім чынам, можа заззяць прыгажосць праўды, абяцанне шчасця і навізна больш чалавечага жыцця”, - адзначыў кардынал Уэлле.

Акрамя таго, іерарх нагадаў, што каля 80% лацінаамерыканцаў былі ахрышчаны ў каталіцтва, і сёння для іх Касцёл працягвае быць установай, якой яны найбольш давяраюць. “Гэта плён першай евангелізацыі, глыбокай інкультурацыі веры ў жыццё гэтых народаў, а таксама ўкаранення хрысціянства, якое працягвалася на працягу стагоддзяў”, - сказаў іерарх.

Кардынал Уэлле звярнуўся з заклікам да іспанскай каталіцкай супольнасці, каб яна адкрылася на праблемы сем’яў і эмігрантаў з краін Лацінскай Амерыкі, дапамагала святарам з гэтага рэгіёна і памятала аб святасці і адзінстве Касцёла, якое панавала падчас Сусветных дзён моладзі ў Мадрыдзе.








All the contents on this site are copyrighted ©.