2012-02-27 15:35:37

Сінод Біскупаў: “неэфектыўнасць сённяшняй евангелізацыі”


RealAudioMP3 Члены ХІІ звычайнай Рады Генеральнага Сакратарыята Сінода Біскупаў абмеркавалі рабочы дакумент Сінода Біскупаў на тэму “Новая евангелізацыя для перадачы хрысціянскай веры”, які пройдзе 7-28 кастрычніка 2012 г. у Ватыкане. Сустрэчу, у якой прынялі ўдзел шматлікія кардыналы і біскупы, ўзначаліў генеральны сакратар Сінода Біскупаў арцыбіскуп Нікола Этэравіч. У цэнтры ўвагі ўдзельнікаў мерапрыемства быў фрагмент рабочага дакумента будучага Сінода прысвечаны “ідэнтычнасці адрасатаў новай евангелізацыі” і “ідэнтычнасці хрысціяніна ў яго адносінах з Евангеллем”.

Аналізуючы праблемы звязаныя з перадачай веры, удзельнікі сустрэчы прызналі “неэфектыўнасць сённяшняй евангелізацыі”, а таксама ўплыў сучаснай культуры, на цяжкасць перадачы веры. Гэта, на думку іерархаў, уяўляе сур’ёзны выклік для хрысціян і Касцёла. Выклік тычыцца перш за ўсё сям’і, якую ўдзельнікі сустрэчы назвалі “першым месцам перадачы веры”, катэхезацыі, “якая ажыцяўляецца ў касцёльных установах, перш за ўсё праз літургію, сакрамэнты і гаміліі”, а таксама місійнай дзенасці парафій, народнай пабожнасці, рухаў і касцёльных супольнасцяў. Іерархі выказалі сваю надзею на плёны Года веры, які пачнецца ў Каталіцкім Касцёле 11 кастрычніка. “Ён будзе магчымасцю, якая паспрыяе паглыбленню дару веры, атрыманага ад Пана для жыцця і перадачы іншым”, - падкрэслілі ўдзельнікі Рады Генеральнага Сакратарыята Сінода Біскупаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.