2012-02-25 15:34:19

Унікальная выстава ўпершыню пакіне ЗША і прыбудзе ў Ватыкан


RealAudioMP3 Больш за 150 унікальных эспанатаў з “The Green Collection”, самай вялікай у свеце прыватнай калекцыі біблійных рарытэтаў, прыбудзе ў Ватыкан. Упершыню ў гісторыі калекцыя пакіне межы ЗША. Выстава пад назвай “Verbum Domini” размесціцца ў галерэі Карла Вялікага на тэрыторыі Ватыкана з 1 сакавіка па 15 красавіка. Арганізатам праекта выступіла Папская рада па культуры. Большасць экспанатаў калекцыі звычайна недаступна для простых наведавальнікаў, паколькі знаходзіцца ў прыватных руках. У ёй між іншым прысутнічаюць: унікальны Кодэкс “Climaci Rescriptus” – найстаражытнейшы варыянт амаль поўнай Бібліі на арамейскай мове, славуты кумранскі абеліск з выбітым тэкстам аб’яўлення Габрыэля з 1-га стагоддзя да нараджэння Хрыста, а таксама лекцыянарый Сабора св. Сафіі ў Канстантынопалі.

Асаблівасцю выставы стануць рэканструкцыі гістарычных аб’ектаў: пакоя Марціна Лютэра ў Вартбургскім замку, Кумранскіх гротаў, дзе былі знойдзены так званыя скруткі Мёртвага Мора, тыпаграфіі Гутэнберга, дзе была надрукавана першая Біблія, а таксама кляштару св. Кацярыны на гары Сінай, дзе быў знойдзены “Сінайскі кодэкс”.

“The Green Collection” была названа ад прозвішча амерыканскай сям’і, якая стала ініцыятарам і спонсарам пошукаў біблійных рарытэтаў.







All the contents on this site are copyrighted ©.