2012-02-23 13:47:39

Бэнэдыкт XVI да пробашчаў рымскіх парафій: святарская пакора дазваляе супрацьстаяць дамінуючай культуры


RealAudioMP3 23 лютага ў Залі Паўла VI у Ватыкане адбылася традыцыйная вялікапосная сустрэча Святога Айца з пробашчамі рымскіх парафій. Бэнэдыкт XVI звярнуўся да сабраных святароў з прамовай, у якой адзначыў, што вялікай пакутай для Касцёла ў Заходняй Еўропе з’яўляецца недахоп пакліканняў. “Але Пан кліча заўсёды. Трэба пачуць гэты заклік”, - адзначыў Папа. Пантыфік падкрэсліў, што святары павінны быць сціплымі, лагоднымі і вялікадушнымі. Асаблівую ўвагу Папа звярнуў на тое, што святарская пакора дае магчымасць знаходзіцца ў кантрасце з дамінуючай культурай. “Гэта пакора дае магчымасць праўды. Таму ў Касцёле неабходна быць здольным прымаць маленькія ролі, але вялікія ў вачах Бога”, - сказаў Бэнэдыкт XVI. Папа адзначыў, што адной з вялікіх праблем сучаснага Касцёла з’яўляецца рэлігійная неадукаванасць. “Мы павінны так паказаць змест веры, каб яна стала заклікам, а не толькі наборам догмаў. Мы павінны зрабіць усё, каб аднавіцца і зрабіць Хрыста больш знаёмым людзям”, - сказаў Святы Айцец. Пантыфік адзначыў важнасць вызвалення ад дыктатуры меркаванняў і захавання веры ў Хрыста. “Толькі так мы зможам адказаць на выклікі часу”, - сказаў Папа.

Бэнэдыкт XVI уручыў святарам брашуры пад назвай “Абраны Богам для людзей”, у якіх змешчаны спецыяльныя духоўныя настаўленні, якія павінны дапамагчы больш плённа перажыць Год веры.








All the contents on this site are copyrighted ©.