2012-02-23 15:25:09

Бэнэдыкт XVI будзе мець канал у “Твітэры”


RealAudioMP3 Арцыбіскуп Клаўдыё Марыя Чэллі, старшыня Папскай рады па сродках масавай камунікацыі, паведаміў, што ў хуткім часе асноўныя прамовы Святога Айца будуць даступны ў фармаце кароткіх твітэр-паведамленняў. У інтэрв’ю нашаму радыё іерарх адзначыў, што ўжо на працягу некалькіх гадоў дзейнічае сайт www. pope2you.net, створаны гэтай дыкастэрыяй спецыяльна для моладзі. “Штодзённа яго наведваюць тысячы маладых людзей з розных краін свету”, - падзяліўся арцыбіскуп Чэллі. “Перад Божым Нараджэннем з дапамогай гэтага сайту мы давалі ім магчымасць для разважанняў аб Святой Зямлі. У гэтым годзе, мы вырашылі з дапамогай “Твітэра” пазнаёміць моладзь з пасланнем Святога Айца на Вялікі пост. З дапамогай супрацоўнікаў Папскай рады "Cor Unum" мы выбралі з яго кароткія фрагменты твітэр-фармата, г.зн. не больш за 140 знакаў, бо на наш погляд, ужываць сродкі, якімі шырока карыстаецца моладзь, вельмі карысна для перадачы паслання Папы”, - сказаў арцыбіскуп Чэллі.

Іерарх адзначыў, што адной з мэтаў дзейнасці дыкастэрыі, якую ён узначальвае, з’яўляецца знаёмства людзей і асабліва моладзі з навучаннем Святога Айца. Таму ў хуткім часе з дапамогай “Твітэра” можна будзе атрымліваць кароткія фрагменты з традыцыйнай нядзельнай прамовы Папы перад малітвай “Анёл Панскі” і іншых важных пасланняў і зваротаў Бэнэдыкта XVI. “Такім чынам, зараз мы можам сказаць, што хутка будзе адкрыты твітэр-канал Святога Айца”, - сказаў арцыбіскуп Чэллі.








All the contents on this site are copyrighted ©.