2012-02-22 17:42:41

Бэнэдыкт XVI у Папяльцовую сераду: праз “прах” збаўленне прыходзіць да чалавека


RealAudioMP3 22 лютага Бэнэдыкт XVI узначаліў працэсію “рымскіх стацый”, а таксама св. Імшу, падчас якой адбыўся абрад пасыпання попелам. У Эўхарыстыі, якая прайшла ў касцёле св. Сабіны на рымскім пагорку Авенцін, прынялі ўдзел шматлікія кардыналы, біскупы, святары, законнікі і свецкія вернікі. У сваёй гаміліі Святы Айцец разважаў аб значэнні попелу – знаку, які ў літургіі Папяльцовай серады становіцца сакральным. Папа падкрэсліў, што попел не з’яўляецца сакраментальным знакам, у адрозненні ад вады, алею, хлеба і віна, але ў той жа час, ён злучаны з малітвай і асвячэннем хрысціянскага народа. Разважаючы над момантам стварэння чалавека, прадстаўленым у кнізе Быцця, Бэнэдыкт XVI нагадаў, што ён быў створаны як адзінства матэрыі і подыху Бога. Аднак пасля грэхападзення зямля, з якой быў створаны чалавек, была праклятая Богам і стала знакам пакут, цяжкай працы і непазбежнай смерці: “Памятай, што ты прах і ў прах вернешся”. Святы Айцец падкрэсліў, што непаслухмянасць чалавека Богу паўплывала на тое, што рэчы, начатку створаныя добрымі, змянілі сваё значэнне. Аднак гаворачы, аб збаўчай задуме Бога папа сказаў, што “гэты праклён зямлі мае аздараўленчую функцыю для чалавека, які дзякуючы цяжкасцям, што сустракае пры яе апрацоўцы можа ўбачыць сваю абмежаванаць і прыроду”.

Пантыфік падкрэсліў, што добрая інтэнцыя Бога, аказалася нават глыбейшай за Яго праклён. “Унутры пакарання, праклёну зямлі, застаецца добрая інтэнцыя, якая паходзіць ад Бога. Калі Ён сказаў чалавеку “Ты прах і ў прах вернешся”, і справядліва пакараў яго, ён жадаў абвясціць шлях збаўлення, які праходзіць праз зямлю, праз “прах”, “цела” якое будзе прынята Словам”, - адзначыў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.