2012-02-21 15:40:57

“Веру, ведаю, разумею”. Знак крыжа (I)


RealAudioMP3 Мы працягваем разважанні аб сакрамэнце хросту, а дакладней, аб значэнні самаго абраду і тых знакаў, жэстаў і малітваў, якія яго суправаджаюць. У праграме на мінулым тыдні мы размаўлялі аб тым, з чаго пачынаецца хрост дзіцяці – наданні імені. Сёння я прапаную паразмаўляць аб другім этапе сакрамэнта – знаку крыжа.

Ітак, на пэўным этапе гэтага абраду, святар прамаўляе такія словы: “Дарагі, (напрыклад) Антоній, хрысціянская супольнасць з вялікай радасцю прымае цябе. Я, ад імя гэтай супольнасці пазначаю цябе знакам крыжа. Пасля мяне і вы, бацькі і хросныя, пазначце ваша дзіця знакам Езуса Хрыста, нашага Збаўцы”. Святар вялікім пальцам робіць знак крыжа на ілбе дзіцяці, а затым, тое ж робяць бацькі і хросныя. Варта звярнуць увагу, што прыняцце ў хрысціянскую супольнасць азначаецца крыжам, якім чало дзіцяці пазначае не толькі святар, але і бацькі. Таму у нашых бліжэйшых праграмах мы пагаворым аб значэнні гэтага сімвала і аб тым, чаму да жэстаў святара павінны далучыцца бацькі і хросныя.

Старазапаветнае значэнне крыжа можна знайсці ў кнізе прарока Эзэхіэля. У ёй гаворыцца аб знаку, які павінен быць намаляваны на чале ўсіх абраных. Гэты знак дапамог ім пазбегнуць смерці, знішчэння. Трэба адзначыць, што тэма абарончых знакаў сустракалася ўжо ў старажытнасці. Напрыклад падчас зыходу яўрэйскага народа з Егіпта, адной з самых важных старонак гісторыі гэтага народа, менавіта знак, якім былі пазначаны касякі дзвярэй, абараніў яўрэйскія сем’і ад анёла смерці, што праходзіў ноччу, паражаючы егіпецкіх першанцаў. Калі мы далей заглыбімся ў гісторыю, можна ўзгадаць знак, якім быў пазначаны Каін пасля забойства свайго брата. Бог спецыяльна пазначыў знакам, сімвалам сваёй уласнасці, каб ніхто не мог дакрануцца да яго. Невядома як дакладна выглядаў гэты знак, але і ён знаходзіўся на чале чалавека і граў ролю абарончага сімвала.

Узнікае пытанне: чаму знакам крыжа пазначаюць менавіта чало, а не іншую частку цела? Па-першае таму, што чало – гэта адна з тых частак, якую больш за ўсё бачаць людзі. Гэта частка нашага цела даволі шырокая і выразная. Чало, гэта свайго роду дошка для пісання, на якой нашы пачуцці і клопаты пішуцца вялікімі літарамі. Часта кажуць: “У цябе на ілбе напісана”, калі распазнаюць тое, што мы хаваем нейкія перажыванні. Ітак чало – гэта наша візітная картка, адлюстраванне нашага ўнутранага стану, нашай сутнасці. Мець знак на чале, азначае быць пазначаным глыбока ўнутры.

Вернемся да знака, аб якім гаворка ішла вышэй. Я ужо казаў, што мы не ведаем аб знаку, якім быў пазначаны Каін, але ведаем аб знаку абраных, аб якім апавядаў прарок Эзэхіэль у 9 раздзеле сваёй кнігі. Тут гаворка ішла аб пакаранні Божым. Пан паклікаў чалавека, які хутчэй за ўсё быў пісарам і загадаў яму прайсці па гораду Іерусаліму, і пазначыць знакам чолы людзей, якія шкадуюць за правіны і мярзоты, якія здзейсняліся навокал.

Цікава, што гаворачы аб знаку, якім павінны былі быць пазначаны гэтыя людзі, у арыгінальным біблійным тэксце Бог загадаў намаляваць апошнюю літару старажытнаяўрэйскага алфавіта: “таў”, што значыць “знак”. Сёння гэта літара, я маю на ўвазе букву “т”, амаль ва ўсіх еўрапейскіх алвавітах пішацца ў выглядзе крыжа. Такім чынам, менавіта крыж з’яўляецца сімвалам Бога, і аб гэтым нам расказваюць біблійныя апавяданні.

Тое, што на чало дзіцяці наносіцца крыж указвае на яго прыналежнасць да Бога. Яго жыццё цалкам давяраецца ў рукі Пана. З цягам часу, са сталеннем чалавека па твары чалавека становіцца бачна каму ён належыць і з кім звязаў свой лёс: з тым, хто вядзе яго да шчасця, ці наадварот да прорвы. Памятаеце, як падчас Перамянення аблічча Хрыста пачало свяціцца, бо ў той момант Ён бачыў Айца Нябеснага, да якога належаў усёй сваёй сутнасцю. Людзей, якія па сапраўднаму належаць да Бога часта можна пазнаць па шчаслівым, светлым твары. Але ёсць і іншы знак. Кніга Апакаліпсіса папярэджвае нас аб існаванні знаку звера. Мець знак звера, значыць мець свет, які адбіўся на твары, гэта значыць адкінуць Бога, абмяжоўвацца толькі тым, што дае гэты свет, мець ментальнасць гэтага свету, абапірацца і разлічваць толькі на абмежаваныя чалавечыя сілы, матэрыяльныя даброты, якія часам пераўтвараюцца з нашых рэчаў, у тое, што намі валодае.








All the contents on this site are copyrighted ©.