2012-02-21 15:04:38

“Homo caritatis”. Хрысціяне ў авангардзе перамен


RealAudioMP3 29 чэрвеня 2009 г. многія газеты з сусветна вядомымі назвамі выйшлі з наступнымі загалоўкамі на першых старонках: “Нобелеўская прэмія ў галіне эканомікі для Бэнэдыкта XVI” ці “Папа прапанаваў мадэль рэфарміравання сусветнай эканомікі”, або “Папа заклікае вярнуць этыку ў эканоміку” і г.д. Гаворка ішла аб апошняй энцыкліцы Святога Айца пад назвай “Сaritas in veritate” (“Любоў у праўдзе”), у якой ён звярнуў увагу на тое, што для сапраўднага развіцця чалавецтва неабходна любоў, крыніца якой знаходзіцца па-за чалавечай асобай. Такая любоў, на думку Пантыфіка павінна прасякнуць ўсе сферы грамадскага жыцця: у тым ліку сферу эканомікі і палітыкі. Чаму ўзнікла такая ўвага да гэтага закліку Папы? Я прапаную паразважаць аб гэтым, у сённяшняй, апошняй праграме з цыклу “Homo caritatis” (“Чалавек міласэрны”) і такім чынам падвесці вынік таго, аб чым мы размаўлялі на працягу доўгага часу.

Сёння становіцца ўсё больш відавочна, што існуючыя мадэлі эканамічнага і палітычнага жыцця прыйшлі да свайго канчатковага пункту і без глыбокіх унутраных перамен не могуць развівацца далей, прыносячы карысць чалавецтву. Эканоміка і палітыка сталі самамэтамі і не могуць прабіць вакуўм, у якім апынуліся.

У галіне рынкавай эканомікі мы ўбачылі, што барацьба за сферы эканамічных уплываў і прага грошай прывялі ў выніку да таго, што асноўная маса сусветных рэсурсаў і капіталаў сканцэнтравалася ў руках зусім невялікай колькасці людзей, краін ці арганізацый. Перагамагае мацнейшы? Цікава, а чым можа скончыцца для чалавецтва гэта барацьба, калі яна будзе працягвацца далей? Якой будзе яе канчатковая кропка? Адно з першых наступстваў гэтай барацьбы мы перажываем зараз у выглядзе сусветнага эканамічнага крызісу. Недарэмна многія сусветныя рэлігійныя лідэры і не толькі яны назвалі яго прычынай перш за ўсё “маральны крызіс”.

У сферы палітыкі мы бачым таксама крызіс існуючай мадэлі. Дэмакратыя, якая прызнаецца формай палітычнага ладу, найбольш адпавядаючай патрабаванню справядлівасці, таксама стала мэтай сама ў сабе. Цяпер на галасаванне выносяцца абсалютна любыя пытанні – нібыта большасць абавязкова мае рацыю. Перад абліччам гэтага Папа заклікае вызначыцца з каштоўнасцямі, якія “не абмяркоўваюцца” і не могуць стаць аб’ектам чалавечых маніпуляцый.

Акрамя таго, гаворачы аб крызісе ў палітычным жыцці, усё часцей мы бачым абыякавасць грамадзян да таго, што адбываецца ў гэтай сферы. Усё часцей у многіх краінах нават у выніку змены ўлады не адбываюцца перамены і перад грамадствамі не ўзнікаюць новыя далягляды, перспектывы, заданні і спадзяванні. Магчыма прычына гэтага хаваецца ў нездольнасці чалавечай асобы, абапіраючыся толькі на ўласныя сілы паглядзець па-за сябе. Выкідаючы Бога з гісторыі і не даючы Яму магчымасці ўвайсці ў грамадскае жыццё сучаснае чалавецтва нагадвае барона Мюнхаўзена, які выцягваў сябе з балота за ўласныя валасы.

Увесь Пантыфікат Бэнэдыкта XVI характарызуецца тым, што Папа імкнецца вярнуць веру ў жыццё людзей. Узгадайце аб трох кнігах Святога Айца, у якіх Бэнэдыкта XVI піша аб асобе Езуса Хрыста, стварэнні Папскай рады па новай евангелізацыі, Сінодзе Біскупаў на гэту тэму і абвяшчэнні Года веры. Пры гэтым варта заўважыць, што Папа звяртае асаблівую ўвагу на неабходнасць аднаўлення веры сярод католікаў, у тым ліку святароў і біскупаў. Гэта імкненне Святога Айца набывае асаблівую важнасць перад абліччам апошніх нападак, якія здзяйсняюцца на Касцёл. Папа не патрабуе новых мэнэджэраў, якія прыдумаюць эфектыўныя стратэгіі развіцця Касцёла, але перш за ўсё – святых, людзей, якія прыкладам сваёй веры змогуць спрыяць унутранай перамене грамадстваў.

Узгадайце гісторыю: заўсёды у моманты цяжкасцяў абнаўленню Касцёла і грамадскага жыцця спрыялі святыя. Дастаткова ўзгадаць мучанікаў першых часоў хрысціянства, св. Грыгорыя Вялікага, які стаў абаронцаў рымлянаў ад нападак варвараў. Узгадайце аб св. Францішку, які паказаў што значыць быць рыцырам Хрыста ў часы крыжовых паходаў. Варта памятаць аб прыкладах св. Ігнацыя Лаёлы і св. Карла Барамея перад аблічам Рэфармацыі. А шматлікія мучанікі часоў Французскай рэвалюцыі, Трэцяга Рэйха і савецкага камунізму? Сёння, перад абліччам нападак на Касцёл і глыбокага грамадскага крызісу зноў існуе глыбокая патрэба ў святых, якія дапамогуць напоўніць нашу штодзённасць новым глыбокім сэнсам. Назваўшы праграму аб сацыяльным навучанні Касцёла “Homo caritatis” (“Чалавек міласэрны” ці дакладней “Чалавек міласэрнай любові”), я хацеў звярнуць вашу ўвагу на неабходнасць выкарыстання сацыяльнага навучаня Касцёла, як карыснай прылады ў гэтай місіі. Гаворачы аб энцыкліках Папаў, Кампендыўме сацыльнага навучання, адказнасці хрысціян за грамадскае жыццё, я хацеў падкрэсліць, што менавіта вызнаўцы Хрыста павінны быць у авангардзе перамен і яны маюць у сваіх руках цудоўны інструмент у выглядзе сацыяльнага навучання Касцёла.

Аляксандр Панчанка







All the contents on this site are copyrighted ©.