2012-02-21 12:36:40

Кардынал Вэльё прызнаўся ў сваёй любові да цырка


RealAudioMP3 Новы кардынал Антоніо Марыя Вэльё, старшыня Папскай рады пастырства эмігрантаў і падарожнікаў, у інтэрв’ю італьянскаму журналу “Цырк”, выказаў сваю вялікую сімпатыю да вандроўных цыркаў. “Цыркі і лунапаркі – гэта новыя арэапагі для абвяшчэння Евангелля і пераказу веры. - заявіў іерарх - Гэта месцы веры і традыцыі, у якіх па-над культурнымі бар’ерамі і моўна-рэлігійнымі адрозненнямі, людзі збіраюцца разам і адчуваюць сябе братамі і сёстрамі”, - падкрэсліў кардынал Вэльё. Гаворачы аб праблемах і патрэбах гэтага асяроддзя, ватыканскі іерарх адзначыў, што неад’емнай часткай прадстаўленняў з’яўляюцца выступленні жывёлаў, аднак іх гаспадары павінны аб іх клапаціцца, дрэсіруючы іх з павагай і станоўчасцю.

Іерарх распавёў аб сваім стаўленні да працы артыстаў. “Я цаню і захапляюся ўсімі артыстамі цырка, бо ведаю колькі адданасці, фізічных практыкаванняў і ахвяр патрабуе іх прафесія. Я адважуся сказаць, што гэта больш чым прафесія ці праца – гэта пакліканне”, - адзначыў кардынал Вэльё. Старшыня Папскай рады прызнаўся, што асаблівую сімпатыю ён пітае да клоўнаў. “Клоўн праз свае спантанныя і яскравыя жэсты перадае гледачу канкрэтнае пасланне: заклікае яго да радасці і шчодрасці, якую мае ў сабе”, - падзяліўся кардынал. - “Акрамя таго клоўн абуджае ў чалавеку здольнасць смяяцца над сабой. Мэтай клоўна з’яўляецца дапамога людзям пераадолець свае страхі. Клоўн заклікае нас зняць маску, якую мы носім у некаторых абставінах, каб абараняць сябе і наш імідж”, - падкрэсліў іерарх. Кардынал Вэльё адзначыў, што цырк дазваляе кожнаму вярнуцца ў нявіннасць дзяцінства, у якім усё чыстае і поўнае надзеі на будучыню.








All the contents on this site are copyrighted ©.