2012-02-21 14:20:48

"З сэрцам у кантакце". Героі Беларускай Грэка-каталіцкай Царквы: ераманах Язэп (Германовіч)


RealAudioMP3 У папярэдніх перадачах я распавядаў пра беларускіх сьвятароў, што належалі марыянскаму манастыру ў Друі: пра архім. Фабіяна (Абрантовіча) ды архім. Андрэя (Цікоту). Сёньня нашая перадача прысьвечана асобе а. Язэпа (Германовіча), які быў іх братам па манастырскай супольнасьці, супрацоўнікам ды сябрам.

Таксама як і два архімандрыты а. Германовіч быў сасланы ў савецкі лагер, але яму пашчасьціла болей – Бог захаваў яго, каб распавесьці сьвету пра подзьвіг мучаніцтва сваіх братоў, ды нявольна засьведчыць таксама і пра свой подзьвіг – подзьвіг вернасьці Госпаду ды свайму сьвятарскаму пакліканьню.

Кароткая біяграфія

Язэп Германовіч нарадзіўся 20 лютага 1890 г. у Гальшанах (на Ашмяншчыне) у беларускай каталіцкай сялянскай сям'і. Там ён скончыў пачатковую, а потым у Ашмянах – гарадзскую школу. У 1913 г. па заканчэньні Віленскай каталіцкай духоўнай сэмінарыі ён быў рукапакладзены ў сьвятары.

У 1924 г. уступіў у ордэн марыянаў, выкладаў у друйскай гімназіі і друкаваўся ў беларускіх выданьнях «Крыніца» ды «Chryscijanskaja dumka». Прыняў усходні абрад і з 1932 да 1936, а потым з 1938 да 1948 працаваў ува Ўсходняй Каталіцкай Місіі ў Харбіне (Кітай).

У 1948 г. ён быў разам з а. Цікотам і а. Падзявам арыштаваны кітайскімі ўладамі і перададзены органам савецкага НКВД. Быў асуджаны і адбываў пакараньне ў сібірскіх лагерах. Пасля вызваленьня ў 1955 г. захацеў вярнуцца ў Беларусь, але савецкія ўлады вымусілі яго выехаць у Польшчу, адкуль у 1959 г. ён пераехаў у Рым, а потым у Лёндан.

У Лёндане а. Язэп плённа займаўся рэлігійнай і культурнай дзейнасьцю, прымаў актыўны ўдзел у жыцьці беларускага замежжа. Там жа напісаў успаміны «Кітай-Сібір-Масква». У перыяд 1975-1977 быў рэдактарам часопсу «Божым шляхам». Памёр у Лёндане 26.12.1978 г. дзе і быў пахаваны.

«Вінцук Адважны»

«Вінцук Адважны» - менавіта пад такім псеўданімам пісаў а. Язэп (Германовіч), якога сёньня мы з гонарам залічаем да выдатных беларускіх хрысьціянскіх пісьменнікаў XX-га стагодзьдзя.

Нажаль ня ўсе творы Вінцука Адважнага, якія выдаваліся на эміграцыі, вядомыя беларусам. Але, дзякаваць Богу, у мінулым 2011 годзе, вышаў збор выбраных ягоных твораў ў серыі «Беларускі кнігазбор». У зборніку прадстаўлены найбольш значныя творы, сярод іх ёсьць таксама і ўспаміны лагернага жыцьця «Кітай-Сібір-Масква».

Гэтыя ўспаміны зьўляюцца незвычайным сведчаньнем праўды пра тое, да чаго прыводзіў бязбожны камунізм у Савецкім Саюзе. Айцец Язэп вельмі ясна разумеў тое, чаго яшчэ, нажаль, ня могуць да канца зразумець нашыя сучаснікі... Маю на ўвазе тое, што камунізм ня быў і ня ёсьць лепшы за фашызм. А тое, што мы гэтага не разумеем, дык пра гэта сьведчаць у нас, у Беларусі, помнікі Леніну, вуліцы Савецкія ды Камуністычныя.

Вось як а. Германовіч гаворыць пра пераслед людзей гэтымі двумя таталітарных сістэмамі, што зьявіліся на грунце бязбожнасьці, атэізму:

«Як жыў Сталін, дазваляў сябе называць «бацькам усіх народаў» - тытул, які належыць толькі Богу. І называлі яго «абаронцам міру і патронам згоды». А ён вынішчыў дзесяткі мільёнаў нявінных людзей, а колькі мучыў у лагерах і турмах! Дык ягоны «мір» - гэта было ашуканства, бо ня можа злы дух – анёл злосьці – быць анёлам міру і згоды!» («Слова аб пакуце»)

Ды ў іншым месцы:

«Гітлер і Сталін, як-бы згаварыўшыся, ужывалі да беларусаў аднолькавую сыстэму перасьледу: бязбожнасьць фашыстых і камуністых прыводзіла да перасьледу каталіцкай рэлігіі. Прагавітасьць зь іхнага боку на нашую зямлю прыводзіла да перасьледу і «ліквідацыі» беларусаў.

Гітлер прынамсі не хаваў, што пасьля памыснай вайны загорне ўсю Беларусь, выкіне жыхароў, а зямлю аддасьць сваім. А бальшавікі, хоць гавораць іншае, робяць тое самае: беларусаў вывозяць, касуюць раёны й вобласьці, у школах і ўрадах уводзяць расейшчыну, - адным словам, у самай сярэдзіне Эўропы твораць «Вялікую Беларускую Пустыню», якую засяляюць маскалямі, бо Гітлеру гэта не ўдалося!» («Кітай-Сібір-Масква»).

Айца Язэпа (Германовіча) можна назваць «беларускім Салжэніцыным», аднак у яго успамінах ня знойдзем характэрнага для Салжэніцына надрыву, безнадзеі... Наадварот, вера а. Язэпа асьвятляла нават самыя змрочныя хвіліны ягоных пакутаў, а нават пакідала ў ім месца на пачуцьцё гумару, якое нязменна таварышыла Адважнаму Вінцуку.

Тэкст успамінаў «Кітай-Сібір-Масква» насычаны рознымі прымаўкамі ды выслоўямі. Вось некаторыя з іх: «Найгорш, калі баісься – і ліха не мінеш, і надрыжысься!», «Прыйшлі важныя весьці, што няма чаго есьці», «Пачакаўшы, будзе Бог ласкаўшы»... Гэты кантраст гумару ды чалавечай драмы пад час чытаньня часта выклікаў у мяне сьлёзы...

Хачу гэту перадачу скончыць вершам нашага Вінцука Адважнага, які можна б было назваць яго жыцьцёвай праграмай, пакліканеньнем, якому застаўся верным да канца:

«Зраблю сабе зычны цымбалы;
Пайду на крыжовы дарогі
І сяду пад крыжам убогім,
Зайграю для Божае хвалы...

Iграю, iграцi я мушу.
Тут ноты жыцьцём напiсаны,
Дык будуць усе прачытаны,
Як струны жывыя парушу...»








All the contents on this site are copyrighted ©.