2012-02-21 14:05:30

Беларусь: Касцёл уступае ў Вялікі пост


RealAudioMP3 Вернікі Каталіцкага Касцёла ва ўсім свеце ўступаюць у Вялікі пост. Заўтра – у Папяльцовую сераду – пачынаецца час пакаяння і падрыхтоўкі да Пасхі. Галоўным у гэтыя дні з’яўляецца ўспамін ахвяры Езуса Хрыста, які ўзяў на сябе грахі, каб збавіць чалавецтва, уваскрос і даў надзею на вечнае жыццё. На значэнне гэтага перыяду паўплывала старажытная практыка падрыхтоўкі да сакрамэнтаў хросту, канфірмацыі і св. Камуніі дарослых. Яны асаблівым чынам маліліся і рыхтаваліся, каб падчас святкавання Пасхі ўвайсці ў лона Касцёла. Са старажытных часоў – адзначыў дыякан Кірыл Бардонаў, сакратар курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі – у перадвелікодныя дні да пакаяння прыходзілі публічныя грэшнікі, якія таксама вярталіся ў супольнасць вернікаў. “Гэта быў вельмі адказны момант для іх, да якога яны асаблівым чынам рыхтаваліся. Кожны чалавек можа зрабіць памылку, таму кожны з нас у Вялікім посце павінен паглядзець, што у сваім жыцці трэба змяніць”, - звярнуў увагу ён.

Сёння няма жорсткіх прадпісанняў на конт ужывання ежы на час Вялікага посту. Падобныя правілы мяняліся на працягу стагоддзяў, і залежалі ад культуры, традыцый – заходняй і ўсходняй. Да і няма ўвогуле аднаго рэцэпту на ўсіх – гэта вельмі індывідуальна. Але ўсё ж ёсць вельмі просты духоўны прыём, якім падзяліўся дыякан Кірыл. “Ёсць цудоўная духоўная практыка – рабіць пастановы. Калі чалавек напрыклад робіць пастанову адмовіцца ад таго, што перашкаджае ў духоўным жыцці: ад алкаголю ці брыдкаслоўя. Але можа быць і пазітыўная пастанова – больш маліцца, удзяліць больш увагі сваёй сям’і”.

Вернікі таксама выкарыстоўваюць час Вялікага посту для споведзі. Асабліва шмат прыходзіць у апошнюю нядзелю посту, калі трэба адстаяць у вялікай чарзе. Таму святары заклікаюць не адкладываць гэтай важнай духоўнай практыкі на потым і карыстацца ёй ужо зараз або падчас рэкалекцый, якія будуць ладзіцца ў кожнай парафіі.







All the contents on this site are copyrighted ©.