2012-02-20 15:34:18

Эстонскі кампазітар стаў членам Папскай рады па культуры


RealAudioMP3 Славуты эстонскі кампазітар Арво Пярт стаў членам Папскай рады па культуры. “L’Osservatore Romano” змяшчае інтэрв’ю з ім. Творца ўзгадвае так званы “момант маўчання”, перапынку ў сваёй творчай дзейнасці, з 1968 г. па 1976 г. Вынікам гэтай творчай паўзы стала стварэнне арыгінальнага стылю пад назвай “tintinnabuli”, ад лацінскага “званок”. Сам кампазітар лічыць, што цалкам дастаткова, калі ў творы прыгожа загучыць хаця б адна нота. “Яна або ціхі ўдар, або хвіліна маўчання – прыносяць мне адпачынак”, - заявіў славуты эстонец.

“L’Osservatore” адзначае, што кампазітар прымаў удзел у прэзентацыі каталога выставы “Бляск Праўды, прыгажосць Любові”, якую творцы з усяго свету прысвяцілі Бэнэдыкту ХVI з нагоды 60-годдзя яго святарства. “Я пакіраваў спевам “Ойча наш” з салістам і фартэпіяна. Для мяне быў вялікі гонар выканаць гэты твор падчас урачыстага адкрыцця выставы, і затым прадставіць яе Святому Айцу”, - прызнаўся Арво Пярт. Ён адзначыў, што з вялікім гонарам прыняў запрашэнне стаць членам Папскай рады па культуры. “Хоць я не адчуваю сябе годным і здольным стаць кансультантам, для мяне гэтае прызначэнне з’яўляецца выяўленнем волі Святога Айца. Я з вялікім задавальненнем аддам свае малыя магчымасці, якія ёсць у маім распараджэнні, на служэнне Папскай радзе па культуры”, - адзначыў эстонскі кампазітар Арво Пярт у інтэрв’ю “L’Osservatore Romano”.








All the contents on this site are copyrighted ©.