2012-02-20 11:00:35

З Мадрыда ў Рыа: 1-я Міжнародная сустрэча па Сусветных днях моладзі


RealAudioMP3 З 28 сакавіка па 1 красавіка 2012 г. 250 дэлегатаў з усяго свету прымуць удзел у Міжнароднай сустрэчы па Сусветных днях моладзі, арганізаванай Папскай радай па справах свецкіх у Рокка-дзі-Папа недалёка ад Рыма. Як паведамляецца на інтэрнэт-старонцы ватыканскай дыкастэрыі, першы дзень будзе прысвечаны сведчанням і разважанню над плёнамі дзён моладзі ў Мадрыдзе. У другі дзень будуць абмяркоўвацца розныя аспекты душпастырскай падрыхтоўкі і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння Сусветных дзён моладзі ў Рыа дэ Жанейра. У пасяджэнні прымуць удзел таксама арганізацыйныя камітэты з Мадрыду і Рыа. Тэмай трэцяга дня стане фармацыя маладых людзей як прыярытэт місіі Касцёла.

Як паведамляюць арганізатары, праз сустрэчы і абмен вопытам удзельнікі паспрабуюць вывучыць пытанне моладзевага служэння ва ўмовах адукацыйных выклікаў сённяшняга дня. “З думкамі пра Сінод аб новай евангелізацыі і Год веры, удзельнікі, натхнёныя вопытам веры, які атрымалі ў Мадрыдзе, адновяць свой адказ на місійны заклік Пана – тэму дзён моладзі ў Рыа: “Ідзіце і навучайце ўсе народы” (Мц 28, 19)”, гаворыцца ў паведамленні Папскай рады па справах свецкіх. У нядзелю 1 красавіка, у завяршэнне сустрэчы, удзельнікі накіруюцца на плошчу св. Пятра ў Рыме на святкаванне Пальмовай нядзелі і XXVII Сусветнага дня моладзі. Літургію ў гэты дзень узначаліць папа Бэнэдыкт XVI.







All the contents on this site are copyrighted ©.