2012-02-20 12:19:13

Арцыбіскуп Гуджэроцці ўручыў даверчыя граматы Аляксандру Лукашэнцы


RealAudioMP3 На ўнікальную міжканфесійную згоду ў Беларусі, як аснову для адкрытага дыялогу па ўсіх актуальных пытаннях узаемадзеяння з Ватыканам звярнуў увагу 20 лютага Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, прымаючы даверчыя граматы Апостальскага нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці, перадае “Белта”. Лукашэнка падкрэсліў, што развіццё адносін са Святым Пасадам мае асаблівае значэнне для Беларусі, бо хрысціянскія маральныя каштоўнасці ляжаць у аснове культуры беларускага народа, яго духоўных традыцый. “Мы выступаем з вельмі блізкіх пазіцый у справе забеспячэння міру і ўзаемаразумення паміж народамі, раўнапраўя дзяржаў, падтрымання традыцыйных рэлігій”, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. “Унікальная міжканфесійная згода ў Беларусі з’яўляецца трывалай злучнай ніццю паміж нашымі краінамі і асновай для адкрытага дыялогу па ўсіх актуальных пытаннях узаемадзеяння”, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама перадаў папе Бэнэдыкту XVI самыя цёплыя пажаданні.

У сваю чаргу арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці адзначыў, што яго асноўнай мэтай з’яўляецца ўмацаванне супрацоўніцтва паміж краінамі. “У першую чаргу гэта тычыцца вялікай павагі да беларускага народу, які на працягу ўсёй гісторыі перанёс вельмі цяжкія выпрабаванні, але кожны раз аднаўляўся яшчэ больш моцным і магутным”, - сказаў ён. “Наша мэта – каб Беларусь пазналі за мяжой нашмат глыбей. Зразумела, гэта тычыцца і культурнага супрацоўніцтва, і спорту, у якім Беларусь дасягнула поспехаў, а таксама акадэмічнага супрацоўніцтва”, - адзначыў Апостальскі нунцый.







All the contents on this site are copyrighted ©.