2012-02-18 13:08:47

“L'Osservatore Romano” аб небяспецы згубіць сябе ў сеціве


RealAudioMP3 “L’Osservatore Romano” нагадвае сёння словы Марсэля Пруста, сказаныя 100 гадоў таму, аб абсурднасці ўцёкаў ад рэальнасці. Ватыканскае выданне робіць гэта ў кантэксце сённяшняга інтэрнэтбуму і зацікаўлення сацыяльнымі сеткамі. Аўтар артыкула Крысціян Грымальдзі звяртае ўвагу, што армія людзей усіх нацый, узростаў, веравызнанняў і палітычных перакананняў, на самой справе не ўмее сёння карыстацца інфармацыяй, губляючыся ў павуцінні ўсё больш разнастайных магчымасцяў інтэрнэту. Грымальдзі падкрэслівае, што для большасці карыстальнікаў недастаткова атрымліваць інфармацыю, ім важна самім прадставіць сябе ў сетках для самасцвярджэння. Паводле яго, каб быць заўважаным, сёння неабходна ўсё часцей і часцей “біцца як матылёк” у сеціве, выкарыстоўваючы яго незлічоныя інструменты.

Аўтар нагадвае, што кожны з людзей пакліканы да сацыялізацыі і таму прысвячае шмат часу ў імкненні да яе, аднак, паводле Грымальдзі, там, куды мы ўкладаем усё больш часу – значыць, у сацыяльных медыя – дыялог памёр. Там не шукаюць сапраўднага абмену ідэямі, але выключна пацвярджэння свайго меркавання, крытыка там абвяргаецца, а крытык адразу пераўтвараецца ў ворага.

Падкрэсліваючы ўсё большую вульгарнасць сусветнага сеціва, аўтар прызнае, што праз яго многія людзі ажыццяўляюць нармальнае чалавечае імкненне да быцця побач з іншымі.








All the contents on this site are copyrighted ©.