2012-02-17 12:15:48

Кс. Фэдэрыко Ламбардзі: пажар у турме


RealAudioMP3 “На гэтым тыдні была адна навіна, якая павінна глыбока абудзіць нашу здольнасць да спачування”, - адзначыў кс. Фэдэрыко Ламбардзі, кіраўнік Залі Друку Апостальскай Сталіцы і дырэктар Ватыканскага радыё, маючы на ўвазе пажар у турме горада Камаягуа ў Гандурасе, у якім загінулі сотні людзей і каля 300 былі паранены. “Яны знайшлі смерць ад удушэння або полымя будучы зачыненымі ў сваіх камерах. Жах. Катаванне. Згрызоты сумлення. Акрамя таго, большасць з вязняў знаходзілася ў перапоўненых камерах, як гэта часта бывае ў самых бедных краінах і не толькі. Такое адбываецца ўжо не ў першы раз”, - падкрэсліў езуіт. Кс. Ламбардзі адзначыў, што падобныя трагедыі не рэдкасць і адбываліся на працягу апошніх гадоў. “Таксама ў Гандурасе ў 2004 г. загінула каля 100 чалавек ў турме Сан Пэдро ді Сула. Затым у Чылі, Алжыры, Дамініканскай Рэспубліцы, Бразіліі, Саўдаўскай Аравіі, Марока, Сальвадоры, Тунісе, Аргентыне, Мексіцы. Калі ў турме адбываецца пажар, амаль заўсёды гіне шмат людзей”, - нагадаў святар.

“Увага. Тое што людзі калісьці памыліліся, не пазбаўляе іх годнасці і не апраўдвае тое, што яны змяшчаюцца ў атмасферы насілля, якая спрыяе не толькі дэградацыі іх, але таксама і тых, хто павінен аб іх клапаціцца. Такая атмасфера робіць амаль немагчымым іх вяртанне ў нармальнае грамадскае жыццё”, - сказаў кс. Ламбардзі.

Дырэктар Ватыканскага радыё нагадаў, што ў дакуменце Сінода Біскупаў Афрыкі, які Папа падпісаў у Беніне, звяртаецца ўвага на жудасную сітуацыю вязняў на Чорным кантыненце. “Акрамя таго, візіты Святога Айца ў рымскія турмы, у тым ліку той, які адбыўся два месяцы таму у турму Рэбібія, прыцягваюць увагу да цяжкіх праблем вязняў ва ўсім свеце”, - адзначыў езуіт. “Іх сітуацыя з’яўляецца сведчаннем узроўню цывілізаванасці краін. Нездарма Евангелле нагадвае нам, што адносіны да вязняў будуць адным з крытэрыяў Божага суда над намі: “Быў у вязніцы і вы прыйшлі да мяне – быў у вязніцы і вы НЕ прыйшлі да мяне”. Загінуўшыя у Камаягуа ўяўляюць для кожнага нас аблічча Хрыста”, - адзначыў кс. Ламбардзі ў сваёй аўтарскай рубрыцы “Octava Dies” на Ватыканскім радыё.








All the contents on this site are copyrighted ©.