Кс. Андрэй Рылка: католікам Беларусі ёсць чым падзяліцца з іншымі
Аб пытаннях хрысціянскай
ідэнтычнасці, каталіцкай адукацыі ў Беларусі і выкліках, якія стаяць перад Касцёлам
у краіне распавёў у інтэрв’ю нашаму радыё выкладчык Міждыяцэзіяльнай Вышэйшай духоўнай
семінарыі ў Пінску, пастаянны вядучы рубрыкі на нашым радыё кс. Андрэй Рылка. Святар
лічыць, што якой будзе каталіцкая ідэнтычнасць у многім залежыць ад таго, наколькі
душпастыры дапамогуць маладому пакаленню знайсці сябе ў гэтым свеце. Паводле кс. Рылкі,
католікі ў Беларусі маюць свае характэрныя рысы, маюць чым падзяліцца. Прапануем поўны
тэкст інтэрв’ю.
Кс. Андрэй, у вашай рубрыцы вельмі часта гучала тэма хрысціянскай
ідэнтычнасці. Што такое хрысціянская ідэнтычнасць у кантэксце сучаснай Беларусі? Хто
гэта – сённяшні беларускі хрысціянін і якія выклікі ён ставіцьперад душпастырамі Касцёла
ў краіне?
Назіраючы за сітуацыяй у сучаснай Беларусі перш за ўсё у мяне
складваецца ўражанне, што яшчэ каля 10-15 гадоў таму, у часы пасля распаду Савецкага
Саюза, наша грамадства ставіла перад сабой пытанне: верыць у Бога ці не верыць? Людзі
выходзілі пасля ліхалеццяў савецкай сістэмы і ставілі сабе пытанне: як верыць? Дзе
Бог? Так католікі прыходзілі да Касцёла, а праваслаўныя да Царквы.
У наш час
узнікаюць новыя пытанні: не толькі: ці верыць у Бога, а менавіта, як верыць? Што значыць
верыць? Як перажываць сваю веру? Таму гэта нараджае новыя выклікі перад духавенствам,
а таксама перад каталіцкай інтэлігенцыяй: растлумачыць, дапамагчы людзям акрэсліцца
і знайсці сваю ідэнтычнасць. Калі мы гаворым пра католікаў, то вядома, што ўзнікае
пытанне: што значыць быць католікам сёння? Многія нашы католікі знаёмяцца з Паўсюдным
Касцёлам, ведаюць, што ёсць розныя традыцыі, існуюць розныя плыні ўнутры Касцёла,
розныя спосабы рэалізацыі сваёй веры, пабожнасці. Таму ўзнікаюць шматлікія пытанні,
бо, аказваецца, быць католікам можна па-рознаму. Можна па-рознаму рэалізоўваць сваю
пабожнасць, па-рознаму маліцца. Людзі шукаюць сваю ідэнтычнасць. Я думаю што наш час
– гэта час пошуку. Час калі людзі задумываюцца над сваёй ідэнтычнасцю і ў кантэксце
каталіцтва ў Беларусі і ў кантэксце каталіцтва ў Паўсюдным Касцёле.
Для
Касцёла гэта можа быць шансам?Бо мінулі тыя часы павярхоўнага энтузіязму і наступілі
часы пошуку, паглыблення. Для Касцёла гэта вялікі шанс, каб адказваючы на гэтыя часта
вельмі глыбокія, нязручныя, некамфортныя пытанні, усё ж такі зацікавіць людзей тым,
што сапраўднае, тым, што мы называем сапраўднай верай у Бога?
Менавіта
так. Напрыклад размаўляючы са святарамі ці бываючы на рэкалекцыях, канферэнцыях, сустрэчах
з інтэлегенцыяй у розных парафіях Беларусі, я заўважаю, што людзі пачынаюць пытацца,
шукаюць. Гэта вялікі выклік і адначасова, гэта пазітыўны выклік. Гэта вялікі шанец
для Касцёла дапамагчы гэтым людзям паглыбіць сваю ідэнтычнасць.
Ці можа
сённяшні Касцёл у Беларусі адказаць на гэтыя пытанні? Ці ён мае такі патэнцыял?
Гэта
добрае пытанне і мне падаецца, што гэта пытанне аб шансах каталіцкай адукацыі ў Беларусі
сёння. Гэта пытанне да нашых семінарый, каб яны, рыхтуючы будучае пакаленне святароў,
таксама адказвалі на гэтыя патрэбы. Гэта таксама шанец для розных катэхетычных цэнтраў
ці навучальных устаноў, якія існуюць у нашай краіне, дапамагаюць свецкім людзям знайсці
адпаведную адукацыю: ці катэхетычную ці тэалагічную.
У кантэксце каталіцкай
адукацыі, тэму якой вы толькі што закранулі: якім павінен быць сучасны святар, ці
дакладней сучасны беларускі святар?
Сучасны беларускі святар гэта той,
хто вельмі добра павінен разумець, у якім кантэксце развівалася каталіцкая ментальнасць
у Беларусі. З аднаго боку, наш гістарычны вопыт вельмі моцна ўплывае на тое, якія
мы сёння, што мы сёння перажываем. З іншага боку, відавочна вялікая адкрытасць, асабліва
маладога пакалення католікаў на ўсе тыя працэсы, якія адбываюцца ў сучасным свеце
і Касцёле ў суседніх краінах. Маладое пакаленне беларускіх католікаў прыглядаецца,
удзельнічае у сустрэчах, падтрымлівае кантакты з католікамі з іншых краін і задаецца
пытаннем: а якія мы? Чым мы падобныя да іх і чым адметныя? І тут мы зноў вяртаемся
да пытання каталіцкай ідэнтычнасці ў кантэксце Беларусі. Якая будзе гэта ідэнтычнасць
у многім залежыць ад таго, наколькі душпастыры дапамогуць гэтаму маладому пакаленню
знайсці сябе ў гэтым свеце, каб адначасова знаёміцца і пераймаць нешта добрае ад католікаў
з іншых краін, але ўмець таксама падзяліцца тым вопытам веры, які ёсць у Беларусі.
Бо мы маем свае характэрныя рысы, маем чым падзяліцца.