2012-02-17 15:04:29

Кс. Андрэй Рылка: католікам Беларусі ёсць чым падзяліцца з іншымі


RealAudioMP3 Аб пытаннях хрысціянскай ідэнтычнасці, каталіцкай адукацыі ў Беларусі і выкліках, якія стаяць перад Касцёлам у краіне распавёў у інтэрв’ю нашаму радыё выкладчык Міждыяцэзіяльнай Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску, пастаянны вядучы рубрыкі на нашым радыё кс. Андрэй Рылка. Святар лічыць, што якой будзе каталіцкая ідэнтычнасць у многім залежыць ад таго, наколькі душпастыры дапамогуць маладому пакаленню знайсці сябе ў гэтым свеце. Паводле кс. Рылкі, католікі ў Беларусі маюць свае характэрныя рысы, маюць чым падзяліцца. Прапануем поўны тэкст інтэрв’ю.

Кс. Андрэй, у вашай рубрыцы вельмі часта гучала тэма хрысціянскай ідэнтычнасці. Што такое хрысціянская ідэнтычнасць у кантэксце сучаснай Беларусі? Хто гэта – сённяшні беларускі хрысціянін і якія выклікі ён ставіцьперад душпастырамі Касцёла ў краіне?

Назіраючы за сітуацыяй у сучаснай Беларусі перш за ўсё у мяне складваецца ўражанне, што яшчэ каля 10-15 гадоў таму, у часы пасля распаду Савецкага Саюза, наша грамадства ставіла перад сабой пытанне: верыць у Бога ці не верыць? Людзі выходзілі пасля ліхалеццяў савецкай сістэмы і ставілі сабе пытанне: як верыць? Дзе Бог? Так католікі прыходзілі да Касцёла, а праваслаўныя да Царквы.

У наш час узнікаюць новыя пытанні: не толькі: ці верыць у Бога, а менавіта, як верыць? Што значыць верыць? Як перажываць сваю веру? Таму гэта нараджае новыя выклікі перад духавенствам, а таксама перад каталіцкай інтэлігенцыяй: растлумачыць, дапамагчы людзям акрэсліцца і знайсці сваю ідэнтычнасць. Калі мы гаворым пра католікаў, то вядома, што ўзнікае пытанне: што значыць быць католікам сёння? Многія нашы католікі знаёмяцца з Паўсюдным Касцёлам, ведаюць, што ёсць розныя традыцыі, існуюць розныя плыні ўнутры Касцёла, розныя спосабы рэалізацыі сваёй веры, пабожнасці. Таму ўзнікаюць шматлікія пытанні, бо, аказваецца, быць католікам можна па-рознаму. Можна па-рознаму рэалізоўваць сваю пабожнасць, па-рознаму маліцца. Людзі шукаюць сваю ідэнтычнасць. Я думаю што наш час – гэта час пошуку. Час калі людзі задумываюцца над сваёй ідэнтычнасцю і ў кантэксце каталіцтва ў Беларусі і ў кантэксце каталіцтва ў Паўсюдным Касцёле.

Для Касцёла гэта можа быць шансам?Бо мінулі тыя часы павярхоўнага энтузіязму і наступілі часы пошуку, паглыблення. Для Касцёла гэта вялікі шанс, каб адказваючы на гэтыя часта вельмі глыбокія, нязручныя, некамфортныя пытанні, усё ж такі зацікавіць людзей тым, што сапраўднае, тым, што мы называем сапраўднай верай у Бога?

Менавіта так. Напрыклад размаўляючы са святарамі ці бываючы на рэкалекцыях, канферэнцыях, сустрэчах з інтэлегенцыяй у розных парафіях Беларусі, я заўважаю, што людзі пачынаюць пытацца, шукаюць. Гэта вялікі выклік і адначасова, гэта пазітыўны выклік. Гэта вялікі шанец для Касцёла дапамагчы гэтым людзям паглыбіць сваю ідэнтычнасць.

Ці можа сённяшні Касцёл у Беларусі адказаць на гэтыя пытанні? Ці ён мае такі патэнцыял?

Гэта добрае пытанне і мне падаецца, што гэта пытанне аб шансах каталіцкай адукацыі ў Беларусі сёння. Гэта пытанне да нашых семінарый, каб яны, рыхтуючы будучае пакаленне святароў, таксама адказвалі на гэтыя патрэбы. Гэта таксама шанец для розных катэхетычных цэнтраў ці навучальных устаноў, якія існуюць у нашай краіне, дапамагаюць свецкім людзям знайсці адпаведную адукацыю: ці катэхетычную ці тэалагічную.

У кантэксце каталіцкай адукацыі, тэму якой вы толькі што закранулі: якім павінен быць сучасны святар, ці дакладней сучасны беларускі святар?

Сучасны беларускі святар гэта той, хто вельмі добра павінен разумець, у якім кантэксце развівалася каталіцкая ментальнасць у Беларусі. З аднаго боку, наш гістарычны вопыт вельмі моцна ўплывае на тое, якія мы сёння, што мы сёння перажываем. З іншага боку, відавочна вялікая адкрытасць, асабліва маладога пакалення католікаў на ўсе тыя працэсы, якія адбываюцца ў сучасным свеце і Касцёле ў суседніх краінах. Маладое пакаленне беларускіх католікаў прыглядаецца, удзельнічае у сустрэчах, падтрымлівае кантакты з католікамі з іншых краін і задаецца пытаннем: а якія мы? Чым мы падобныя да іх і чым адметныя? І тут мы зноў вяртаемся да пытання каталіцкай ідэнтычнасці ў кантэксце Беларусі. Якая будзе гэта ідэнтычнасць у многім залежыць ад таго, наколькі душпастыры дапамогуць гэтаму маладому пакаленню знайсці сябе ў гэтым свеце, каб адначасова знаёміцца і пераймаць нешта добрае ад католікаў з іншых краін, але ўмець таксама падзяліцца тым вопытам веры, які ёсць у Беларусі. Бо мы маем свае характэрныя рысы, маем чым падзяліцца.








All the contents on this site are copyrighted ©.