2012-02-16 16:47:53

Рада кардыналаў абмеркавала бюджэт Святога Пасаду і Ватыкана на 2012 г.


RealAudioMP3 У Ватыкане 14 і 15 лютага праходзіла пасяджэнне Рады кардыналаў па арганізацыйных і эканамічных пытаннях. Яе ўзначаліў Дзяржсакратар Яго Святасці Папы Бэнэдыкта XVI кардынал Тарчызіо Бэртонэ. Вынікам сустрэчы стала зацвярджэнне бюджэтаў Святога Пасаду і Ватыкана на бягучы год. Арцыбіскуп Джузэпэ Версальдзі, старшыня Прэфектуры эканамічных спраў Святога Пасаду, паведаміў аб зменах у працы Прэфектуры ў адпаведнасці з нядаўна прынятымі новымі эканамічнымі палажэннямі. Як гаворыцца ў апублікаваным сёння паведамленні, Губернатарат Ватыкана мае адносную эканамічную незалежнасць, якая дазваляе забяспечваць унутраныя патрэбы дзяржавы.

Кардыналы выказалі задавальненне аптымістычным прагнозам адносна прафіцытнасці бюджэту, выказаўшы, аднак, заклапочанасць сітуацыяй, выкліканай глабальным эканамічным крызісам, што можа паўплываць на эканамічны стан Апостальскай Сталіцы і Ватыкана. Гэта асабліва небяспечна для Святога Пасаду, крыніцай даходаў якога з’яўляюцца добраахвотныя ахвяраванні вернікаў, часта ананімныя. Рада кардыналаў выказала дабрачынцам глыбокую ўдзячнасць за падтрымку паўсюднага служэння Святога Айца. Кардыналы звярнулі таксама ўвагу на неабходнасць паляпшэння кіравання актывамі і рэсурсамі Святога Пасаду.








All the contents on this site are copyrighted ©.