2012-02-15 13:40:07

Бэнэдыкт XVI: нават пасля памылковага жыцця, можна сустрэць распасцёртыя рукі добрага Айца


RealAudioMP3 15 лютага Бэнэдыкт XVI сустрэўся з вернікамі падчас традыцыйнай агульнай аўдыенцыі, якая прайшла ў Залі Паўла VI у Ватыкане. Як і на мінулым тыдні, Папа прысвяціў катэхезу малітве Езуса на крыжы. Аднак сёння фундаментам для разважанняў Пантыфіка стала апісанне гэтага моманту евангелістам Лукой, які звяртаў асаблівую ўвагу на тры фразы ўкрыжаванага Хрыста: першая і трэццяя былі скіраваны да Айца, а другая да злачынцы ўкрыжаванага побач. Бэнэдыкт XVI адзначыў, што першую малітву Езус прамовіў адразу пасля таго, як быў прыбіты да крыжа, у той час, калі салдаты дзялілі паміж сабой Яго вопратку. Езус сказаў: “Ойча, прабач ім, бо не ведаюць што робяць”. Святы Айцец падкрэсліў, што гэтымі словамі Хрыстус не толькі прабачыў сваіх забойцаў, але і знайшоў прычыну для таго, каб іх апраўдаць перад вачыма Айца. “Згодна з Яго словамі, людзі, якія Яго ўкрыжавалі “не ведалі, што робяць (...) Гэта недасведчаннасць адкрыла ім шлях да навяртання, што і адбылося. Аб гэтым сведчаць словы цэнтурыёна, прамоўленыя пасля смерці Езуса: “Сапраўды, гэты чалавек быў справядлівы!”, - падкрэсліў Пантыфік.

Другую фразу Хрыста Папа назваў “фразай надзеі”. Гаворка ідзе пра адказ на малітву аднаго з двух людзей, якія былі ўкрыжаваня разам з Езусам. На просьбу злачынцы ўзгадаць аб ім ў Валадарстве Нябесным, Пан адказаў: “Сапраўды кажу табе: сёння будзеш са Мною ў раі”. “Езус быў свядомы таго, што ён непасрэдна ўвойдзе ў адзінства з Айцом і адкрые чалавеку шлях у Божы рай. Так, праз свой адказ, Ён падараваў надзею, на тое, што праз шчырую малітву, Божую дабрыню можна спазнаць нават у апошні момант жыцця. Нават пасля памылковага жыцця, можна сустрэць адкрытыя рукі добрага Айца, які чакае вяртання сына”, - сказаў Бэнэдыкт XVI.

Трэццяй фразай паміраючага на крыжы Хрыста, быў зварот да Бога: “Ойча, у рукі Твае аддаю дух мой”. Папа адзначыў, што евангеліст Лука, апісваючы гэты момант падкрэсліў, што напярэдадні “сонца зацьмілася і заслона ў святыні разарвалася пасярэдзіне”. “Смерць Езуса была ясна ахарактарызавана, як падзея касмічная і літургічная; асабліва, яна сімвалізуе пачатак новага культу ў святыні, пабудаванай не людзьмі, бо гэта само Цела Езуса памерлага і ўваскрослага, збірае народы і аб’ядноўвае іх у сакрамэнце яго Цела і Крыві”, - сказаў Святы Айцец.

Пантыфік адзначыў, што гаворачы, аб перадачы свайго духа ў рукі Айца, Езус выразіў свой поўны давер да Яго. Папа звярнуў увагу на тое, што малітва Хрыста перад абліччам смерці была драматычнай, як і для кожнага чалавека, але ў той жа час, яна была адзначана глыбокім спакоем, крыніцай ягога быў давер да Айца і жаданне пацвердзіць сваю поўную прыналежнасць да Яго. “Езус дазволіў аддаць сябе “у рукі людзей”, але ў рукі Айца Ён аддаў свой дух. Так, паводле св. Яна Евангеліста, усё споўнілася. Быў закончаны найвышэйшы акт любові – да канца і нават больш чым да канца”, - сказаў Бэнэдыкт XVI.

Папа адзначыў, што словы Езуса, прамоўленыя на крыжы ў апошнія хвіліны Яго зямнога жыцця з’яўляюцца пракладам для нашай малітвы, напоўненай спакойным даверам і моцнай надзеяй. “Езус, калі прасіў Айца прабачыць сваіх забойцаў, заклікаў нас да складанага жэсту – малітвы за тых, хто нас мучае і шкодзіць. Ён вучыць нас прабачаць заўсёды і ведаць, што святло Бога можа асвяціць іх сэрцы; запрашае жыць у нашай малітве той міласэрнасцю і любоўю, якую Ён мае да нас”, - сказаў Бэнэдыкт XVI.

Пасля катэхезы Папа прывітаў шматлікіх пілігрымаў з розных краін свету, сярод якіх былі прадстаўнікі Асацыяцыі шматдзетных сем’яў Італіі. Звяртаючыся да іх Святы Айцец падкрэсліў, што ў сучаным сацыяльным кантэксце сем’і з вялікай колькасцю дзяцей з’яўляюцца сведкамі веры, мужнасці і аптымізма, бо без дзяцей няма будучыні.







All the contents on this site are copyrighted ©.