Арцыбіскуп Кандрусевіч прадстаўляе Беларусь на сустрэчы біскупаў Афрыкі і Еўропы
У Рыме працягвае працу
сімпозіўм на тэму “Евангелізацыя сёння: супольнасць і пастырскае супрацоўніцтва паміж
Афрыкай і Еўропай”, у якім прымаюць удзел прадстанікі епіскапатаў гэтых двух кантынентаў.
Беларусь на форуме прадстаўляе Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
У каментары для нашага радыё іерарх распавёў, што ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў мерапрыемства
былі праблемы, якія клапоцяць вернікаў абодвух кантынентаў: рэлятывізм і дыктатура
матэрыялізма, праблемы сям’і, моладзі, адукацыі, дабрачыннасці, медыцыны, палітыкі
і адносін з іншымі рэлігіямі. Мітрапаліт Кандрусевіч звярнуў увагу на вялікую сувязь,
якая існуе паміж Касцёламі ў Афрыцы і Еўропе. Арцыбіскуп адзначыў, што сёння, шмат
афрыканскіх святароў прыбывае, каб евангелізаваць Еўропу. Акрамя таго, іерарх звярнуў
увагу на тое, што дзве Папскія дыкастэрыі ўзначальваюць афрыканскія кардыналы: кардынал
Робэр Сара Папскую раду “Cor Unum”, а кардынал Жан Луі Таран Папскую раду “Iustitia
et pax”.
“Сёння падчас дыскусій еўрапейскія біскупы дзякавалі біскупам з Афрыкі,
за святароў, якія прыбываюць у Еўропу. Гэта вельмі важная з’ява, якая нагадвае аб
місійнасці і паўсюднасці Касцёла. Яна нагадвае аб тым, што Касцёл, які нарадзіўся
дзякуючы Касцёлу ў Еўропе, сёння дапамагае яму”, - сказаў іерарх.
На думку
арцыбіскупа Кандрусевіча, падобныя сумесныя сімпозіўмы, на якіх абмяркоўваюцца супольныя
праблемы могуць узбагаціць Касцёл, паказаць яго паўсюднасць, умацаваць сувязь паміж
іерархамі абодвух кантынентаў і дапамагчы падзяліцца вопытам у тым, як адказваць
на выклікі нашага часу.