2012-02-14 11:18:01

Кс. Ламбардзі: у Касцёле з’явіліся “vatileaks”


RealAudioMP3 Кс. Фэдэрыко Ламбардзі, кіраўнік Залі Друку Апостальскай Сталіцы і дырэктар Ватыканскага радыё, звярнуў увагу на тое, што ў Ватыкане адбываецца “уцечка інфармацыі”, якая стварае непаразуменні і неяснасць. “Амерыканская адміністрацыя мела “wikileaks”, а цяпер і Ватыкан мае свае “leaks”, - сказаў кс. Ламбардзі, каментуючы сітуацыю з дакументамі рознага тыпу і важнасці, якія ствараліся ў розныя часы і ў розных умовах. Ён адзначыў, што на працягу апошняга часу ў цэнтры ўвагі грамадскасці аказаліся пытанні звязаныя з эканамічнай дзейнасцю Губернатарата, прававыя і нарматыўныя праблемы, ці тыя, “да якіх чалавек з галавой на плячах не будзе ставіцца сур’ёзна, як напрыклад, навіна аб змове супраць Папы”. Кс. Ламбардзі назваў сумным фактам выкраданне некаторых дакументаў. “Адказнасць за гэта ляжыць на абодвух баках. Тых хто захоўвае гэтыя дакументы і тых, хто іх выкарыстоўвае для мэтаў супрацьлеглых любові да праўды”, - падкрэcліў езуіт. “У пэўным сэнсе, існуе старажытная, чалавечая і духоўная мудрасць, якая кажа аб тым, што калі здзяйсняюцца моцныя напады – гэта знак таго, што справа тычыцца чагосьці вельмі важнага”, - падкрэсліў кс. Ламбардзі. Ён адзначыў, што насуперак усяму, нападкі на Касцёл спрыяюць ачышчэнню, абнаўленню і больш адказнай дзейнасці. “Той, хто думае напалохаць Папу і яго супрацоўнікаў у гэтай дзейнасці вельмі памыляецца”, - сказаў кіраўнік Залі Друку Апостальскай Сталіцы.

Адносна шматлікіх дыскусій аб унутранай барацьбе паміж кардыналамі ў кантэксце будучага канклава, ён нагадаў, што на працягу ХХ ст. усе Папы абраныя на Пасад св. Пятра былі людзьмі шляхетнымі і валодалі бясспрэчнымі духоўнымі якасцямі. “Не выклікае сумніву, што кардыналы спрабавалі і спрабуюць абраць таго, хто заслугоўвае павагі народа Божага і можа служыць чалавецтву ў наш час вялікім маральным і духоўным аўтарытэтам”, - сказаў кс. Ламбардзі. Езуіт адзначыў, што дыскусіі на гэту тэму вельмі часта залежаць ад маральнага ўзроўню тых, хто іх правакуе і часта не з’яўляецца здольным бачыць нешта іншае.








All the contents on this site are copyrighted ©.