2012-02-14 14:45:11

Кардынал Кох: перамовы праваслаўна-каталіцкай камісіі нядаўна зайшлі ў тупік


RealAudioMP3 Хрысціянскія Цэрквы ў этычных пытаннях, нарэшце, павінны казаць адным голасам. Такое меркаванне выказаў кардынал Курт Кох, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству. Ён з’яўляецца асноўным дакладчыкам буйной міжнароднай экуменічнай сустрэчы ў Інсбруку, якая працягнецца да 15 лютага. У размове з каталіцкім агенцтвам “Kathpress” іерарх назваў неабходнасцю для Цэркваў выступаць з адзіным меркаваннем у такіх важных галінах, як даследаванні на ствалавых клетках, аборты і эўтаназія; тое ж тычыцца сужэнства і сям’і, а таксама з’явы гомасексуалізму.

На думку кардынала, сёння ў экуменічным дыялогу важна спалучыць этыку і веру. Бо разыходжанні паміж Цэрквамі датычаць сёння ў асноўным пытанняў вобразу чалавека. Таму варта развіваць “агульную хрысціянскую антрапалогію”. Гэта адна з самых важных задач экуменічнага руху.

Кардынал Кох выказаўся таксама пра стан дыялогу з Праваслаўнымі Цэрквамі. Сёння на павестцы дня самым вострым пытаннем тут з’яўляецца пазіцыя Біскупа Рыма. Перамовы афіцыйнай праваслаўна-каталіцкай камісіі нядаўна зайшлі ў тупік. Апошняе пленарнае пасяджэнне сумеснай камісіі адбылося ў верасні 2010 г. у Вене, і было прысвечана, менавіта, ролі Біскупа Рыма ў адзінстве Касцёла ў першым тысячагоддзі. У Вене не была дасягнута згода па падпісанні агульнага дакументу. Праваслаўны бок паведаміў таксама, што шукаць у далейшым згоды па гэтым гістарычным пытанні не мае сэнсу. Ватыканскі іерарх, аднак, спадзяецца на працяг дыялогу ў гэтым напрамку.

На думку кардынала, спрыянне хрысціянскаму адзінству – гэта не хобі для абраных, але абавязак для ўсіх ахрышчаных.







All the contents on this site are copyrighted ©.