2012-02-13 12:08:01

Святы Айцец скіраваў пасланне на Сусветны дзень малітвы аб пакліканнях


RealAudioMP3 13 лютага Бэнэдыкт XVI скіраваў пасланне на Сусветны дзень малітвы аб пакліканнях, які будзе адзначацца 29 красавіка, у IV Вялікодную нядзелю. Тэма паслання Святога Айца: “Пакліканне – дар любові Бога”. Папа адзначыў, што менавіта Божая любоў з’яўляецца крыніцай кожнага дасканалага дару. “Кожнае стварэнне, асабліва чалавечая асоба з’яўляюцца плёнам думкі і дзейнасці любові Бога, любові моцнай, вернай і вечнай. Разуменне гэтай рэчаіснасці гэта тое, што па-сапраўднаму змяняе наша жыццё”, - напісаў Пантыфік. Папа адзначыў, што ў карані кожнага паклікання знаходзіцца менавіта Божая ініцыятыва, якая аб’явілася ў асобе Езуса Хрыста. Пантыфік нагадаў, што Езус заўсёды суправаджаў і працягвае суправаджаць свой Касцёл – падчас Апошняй Вячэры, на крыжы, ва ўваскрасенні, ў дзейнасці апосталаў, на працягу першых стагодзяў хрысціянства і ўсёй яго далейшай гісторыі. “Ён заўсёды зноў выходзіць нам насустрач праз людзей у якіх выяўляецца, праз сваё Слова, сакрамэнты, асабліва Эўхарыстыю”, - падкрэсліў Папа.

Святы Айцец заклікаў адкрыць сваё жыццё на гэту любоў Бога, бо да гэтага кожны дзень нас кліча сам Хрыстус. “Самае высокае вымярэнне хрысціянскага жыцця заключаецца ў тым, каб любіць “як” Бог; гаворка ідзе аб любові якая праяўляецца ў поўным, упэўненым і верным дары самаго сябе”, - адзначыў Бэнэдыкт XVI. Папа падкрэсліў, што пакліканні нараджаюцца і ўзрастаюць дзякуючы адкрытасці на гэту любоў і як плён яе дзейнасці.

Пантыфік адзначыў, што тыя, хто жадае прысвяціць сябе святарскаму служэнню ці кансэкраванаму жыццю павінны вельмі інтэнсіўна жыць любоўю да Бога і да бліжняга, захоўваючы сэрдэчную чысціню. Папа звярнуўся з заклікам ствараць спрыяльныя ўмовы для пакліканняў унутры Касцёла на дыяцэзіяльным і парафіяльным узроўнях, навучаць любові да Божага слова, малітвы і перш за ўсё Эўхарыстыі, якая з’яўляецца жыццёванеабходнай для шляху паклікання.








All the contents on this site are copyrighted ©.