2012-02-11 12:01:47

Папа здзейсніў шэраг персанальных і тэрытарыяльных змен у Касцёле


RealAudioMP3 Бэнэдыкт XVI здзейсніў 11 лютага шэраг персанальных і тэрытарыяльных змен у Касцёле. У Буркіна Фасо Папа стварыў новую дыяцэзію Тэнкодого з часткі дыяцэзіі Фада-н’Гурма. Першым біскупам новай тэрытарыяльнай структуры Касцёла стаў а. Проспер Концьембо, які да гэтага часу з’яўляўся віцэправінцыялам Айцоў Каміліянаў у краіне. Новая дыяцэзія займае плошчу ў амаль 11 тыс. кв. км. З амаль 1 млн. жыхароў 138 тыс. тут з’яўляюцца католікамі. На дадзены момант на тэрыторыі новай дыяцэзіі існуе ўсяго 9 парафій, у якіх працуе 50 святароў.

Святы Айцец стварыў таксама новую Апостальскую прэфектуру Робэ ў Эфіопіі. Яна была ўтворана з часткі Апостальскага вікарыята Мэкі, а яе першым пастырам Пантыфік прызначыў капуцына, а. Анджэло Антоліні, які да гэтага часу з’яўляўся Біскупскім вікарыем для рэгіёну Робэ і дырэктарам Нацыянальнай місійнай арганізацыі. Новая прэфектура займае плошчу ў 116 тыс. кв. км, на якой пражывае амаль 3 млн. чалавек; 2 тыс. з іх належыць да Каталіцкага Касцёла. Тут існуе 4 парафіі, у якіх працуе 5 святароў.

Пантыфік здзейсніў таксама некалькі прызначэнняў у Касцёле ў Літве. Святы Айцец прыняў адстаўку пастыра дыяцэзіі Кайшадорыс біскупа Ёзаса Матулайціса і прызначыў біскупа Ёнаса Іванаўскаса, былога дапаможнага біскупа Каўнаскай архідыяцэзіі, яго наступнікам. Змены адбыліся таксама ў літоўскай дыяцэзіі Цяльшай, куды Святы Айцец прызначыў дапаможнага біскупа. Ім стаў францішканін, а. Лінас Вадап’янавас. Да гэтага часу ён з’яўляўся віцэправінцыялам літоўскай правінцыі “Святога Казіміра” Айцоў Капуцынаў.







All the contents on this site are copyrighted ©.