2012-02-11 12:25:47

Біскуп Дзям’янка: сексуальныя злоўжыванні можна параўнаць з адрачэннем ад веры ці здрадай ёй


RealAudioMP3 Дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі прымаў удзел у сімпозіўме, прысвечаным укладу Касцёла ў барацьбу з сексуальнымі злоўжываннямі супраць дзяцей і моладзі. Форум праходзіў у Рыме па ініцыятыве Кангрэгацыі Веравучэння і Папскага Грыгарыянскага універсітэта. Іерарх завітаў у нашу рэдакцыю і пагадзіўся адказаць на некалькі пытанняў.

Ваша Эксцэленцыя, аб чым ішла размова на гэтым сімпозіўме? Якія тэмы закраналіся на ім?

Тэма сексуальных злоўжыванняў раней не часта абмяркоўвалася на форумах. У Грыгарыянскім універсітэце яна разглядалася на навуковым узроўні. Удзельнікамі сустрэчы былі прадстаўнікі ўсіх кантынентаў. Было прадстаўлена больш за 100 біскупскіх канферэнцый, прысутнічалі члены манаскіх ордэнаў, свецкія вернікі. Дакладчыкі прадставілі тэму менавіта ў кантэксце розных кантынентаў, бо праблемы, звязаныя з сексуальнымі злоўжываннямі ў розных частках свету вельмі адрозніваюцца. Напрыклад, арцыбіскуп Манілы з Філіпін, расказваў аб мясцовай культуры, для якой з’яўляецца натуральным, калі дарослы, знаёмы чалавек вітаючы абдымае дзіця ці цалуе яго. У краінах з англа-саксонскай культурай, аднак, існуе іншы падыход да гэтай справы.

На форуме была прадстаўлена статыстыка злоўжыванняў адносна непаўналетніх і асобаў, якія да іх прыраўноўваюцца, гэта значыць непаўнаспраўных. Была закранута прыблема распаўсюджвання парнаграфіі праз інтэрнэт. Прадстаўнік Паўднёвай Афрыкі звярнуў увагу на праблемы сексуальнага насілля над старымі асобамі з боку моладзі. Былі выступленні псіхолагаў на гэту тэму.

Мне больш за ўсё запомнілася выступленне выкладчыцы дагматычнай тэалогіі з Грыгарыянскага ўніверсітэта, якая расказвала аб духоўнай барацьбе, якой трэба вучыць дзяцей і моладзь. Важна, каб асоба не толькі разумела пэўныя справы, але таксама навучылася перамагаць залежнасці. У гэтай сферы напэўна псіхолаг не вельмі можа дапамагчы.

Таксама на фомуме мы пачулі сведчане адной з ахвяраў сексуальнага злачынства. Звярталася ўвага на наступствы, недапушчальнасць падобных учынкаў і канешне суровую адказнасць. Сексуальнае насілле над непаўналетнімі – гэта цяжкі праступак з пункту гледжання грамадскіх законаў, а таксама цяжкі грэх, з пункту гледжання Касцёла. Цяжкасць гэтага граху, калі можна так сказаць, можна параўнаць з адрачэннем ад веры ці здрадай ёй.

Ваша Эксцэленцыя, якім чынам рашэнні гэтага форума можна перанесці на беларускі грунт – у кантэкст душпастырскай працы ў Беларусі?

Удзельнікамі форума адзначалася, што такая праблема існуе у сусветным масштабе і на розных узроўнях. Напрыклад, кардынал Маркс з Мюнхенска-Фрайбургскай архідыяцэзіі, расказаў, што ў Германіі на дадзеную тэматыку праводзяцца круглыя сталы, у якіх прымаюць удзел прадстаўнікі розных міністэрстваў і сфер дзейнасці. Адзначалася, што сексуальныя злоўжыванні здзейсняюцца ў розных прафесійных асяроддзях, таму важна сумесная распрацоўка праграм накіраваных на абарону дзяцей і моладзі.

Для Беларусі гэта можа быць адна з магчымых ідэй?

Так. Я думаю гэта адзін з магчымых шляхоў. Калі грамадская супольнасць заўважыць такія праблемы неабходна падзяліцца поглядамі на магчымасць яе вырашэння, а таксама праблему выхавання здаровых членаў грамадства.







All the contents on this site are copyrighted ©.