2012-02-08 15:32:27

“Веру, ведаю, разумею”. Сакрамэнт хросту: наданне імя (ІІ)


RealAudioMP3 Мы працягваем размаўляць аб сакрамэнце хросту, а дакладней аб яго матэрыяльным выразе – абрадзе, які складаецца з пэўных формул, жэстаў і малітваў. Нагадаю, што ў нашых разважаннях нам дапамагаюць катэхезы падрыхтаваныя спецыяльна для нашага радыё, італьянскім святаром, біблістам і вядомым катэхетам кс. Фабіо Росіні. У мінулай праграме мы пачалі размову аб пачатку сакрамэнту хрост – аб наданні імені таму, хто хоча увайсці ў супольнасць вызнаўцаў Хрыста.

Наданне імя, якое адбываецца ў кантэксце абраду хросту мае асаблівае значэнне. На дзіця сыходзіць ласка Пана. У старажытнасці, калі да хросту падыходзілі ў дарослым узросце, імя заўсёды змянялі на іншае. Гэта мае вялікае значэнне: чалавек пакідае старое жыццё і пачынае новае, пазначанае ласкай Бога.

Часта, яшчэ з дзяцінства, да людзей прывязваецца скажам так “дзіцячае імя” – Сашка, Юлька, Дзімка. Праходзяць гады, а дарослага чалавека працягваюць называць гэтым дзіцячым іменем. Але гэта яшчэ палова бяды. Горш, калі ён сам працягвае сябе адчуваць так, як яго называюць. Зараз такая тэндэнцыя з’яўляецца вельмі моднай – звярніце ўвагу як часта словы і імёны вымаўляюцца на дзіцячы манер. Чалавеку ўласціва прывязвацца да інфантыльнага стану, да дзіцячых страхаў, памылак, меркаванняў. Так чалавек рызыкуе ніколі не даведацца аб сваім “дарослым імені” – імені чалавека, які дасягнуў сваёй поўнай рэалізацыі, імені, якое яму было нададзена падчас хросту. Калі чалавек уваходзіць у свет працы, сяброўства, блізкіх адносін, варта адмовіцца ад “дзіцячага імені” і прыняць на сябе тое, якое Бог падрыхтаваў для нас. Імя чалавека, які мае жыццё вечнае, а не бестурботнае жыццё немаўляці.

Другі аспект, звязаны з іменем, тычыцца таго, што часта другое імя чалавека супадае з яго станам у грамадстве – “спадар прэзідэнт”, “галоўны лекар”, “загадчык аддзела”, або “п’яніца”, “хуліган”, “абібок”. І тут бачна, як ўсё пераблытана: не чалавек надае імёны рэчам, хоць да гэтага пакліканы, а зусім наадварот, рэчы надаюць імя чалавеку. Дакладней, функцыі, якія даводзіцца выконваць у жыцці, абумоўліваюць ідэнтычнасць асобы. Але чалавек не з’яўляецца функцыяй. Чалавек – гэта не праца ці сацыяльны статус. Не праца надае ідэнтычнасць чалавеку, але чалавек працы. Ён пакідае адбітак самаго сябе на тым, што робіць. Бо інакш, чалавек перайдзе ад ролі, якая яму была навязана ў дзяцінстве, да той, якую зараз яму навязвае свет. Чалавек рызыкуе таксама застацца рабом сваіх спадзяванняў, чаканняў, стэрэатыпаў, якія не з’яўляюцца яго сапраўднай натурай. Калі Езус вяртаўся ў Назарэт, ніхто не верыў, што Ён быў Месіяй. Усе працягвалі бачыць у ім сына цесляра. Ніхто не верыў, што Ён – Сын Божы.

Той, хто вырашае жыць паводле імені, якое атрымаў ад Бога праз хрост, павінен адмовіцца ад функцый і роляў, якія надаюць іншыя, “імёнаў”, якія атрымлівае ад тых, хто знаходзіцца навокал. Колькі людзей вымушаны жыць з вельмі абразлівымі мянушкамі. Езус сам змяніў імёны асноўным персанажам евангельскіх падзей: Пятру, Яну і Якубу, каб тыя не ішлі за меркаваннямі грамадства і ўласнымі дзіцячымі траўмамі, але цалкам уключыліся ў новыя адносіны са Збаўцам. Такім чынам мы падыйшлі да імені, якое Створца нам дае падчас хросту. Менавіта гэта імя дапамагае нам увайсці ў Браму Жыцця.

Наша сапраўднае імя можа даць нам толькі Бог, які нас стварыў і любіць па-сапраўднаму. У 62 раздзеле кнігі прарока Ісаі напісана: “Назавуць цябе новым іменем, якое прамовяць вусны Пана”. Калі чалавек адкрывае для сябе хрысціянства, ён змяняе сваё “унутранае імя”. Цікава, што ў Старым Запавеце былі персанажы, якія змянялі імя з кожным новым валадаром. Змяняецца валадар – змяняецца імя яго слугі. Так з надыходам Месіі змяняецца імя усіх, хто Яго прымае. Але для гэтага неабходна быць гатовым да пераменаў, якія могуць адбыцца ў тваім жыцці, да свайго новага вобразу.

Толькі Бог нам можа даць сапраўднае імя. Не нашы памылкі ці слабасці. Не асобы, якія нас незразумелі ці пажадалі абразіць. Трэба дазволіць Пану даць нам імя. Ён нас назаве так, як нас бачыць. На маё імя ўказвае крыж Пана, Яго гатоўнасць прыняць за мяне мучаніцкую смерць. Ён бачыць мяне як каштоўную пярліну, дзеля якой Ён аддаў усё, што меў, да апошняга подыху. Усё за мяне. Маё імя было адкуплена Яго крывёю. Маё імя – Дарагі, Каштоўны, Каханы. Менавіта гэта імя – мая місія і мая веліч. Сымон атрымаў імя Пётр, што значыць “камень”, і яго місіяй стала абвяшчэнне веры, жыццё паводе веры. Новае імя атрыманае ад Бога, здольнае нас вызваліць ад таго не ўласцівага нам статусу, атрыманага ад грамадства. Чалавек адкрывае для сябе сваё сапраўднае імя, калі разумее, што Бог давярае яму нешта важнае і цудоўнае. Кожны з нас мае сваю місію. Колькі людзей з абмежаванымі магчымасцямі адкрываюць сваю місію ў пакутах і становяцца здольнымі прабачаць і настаўляць іншых. Але ў той жа час, колькі людзей надзеленых усімі дабротамі вядуць прымітыўнае, абмежаванае, прыгнечанае жыццё, бо да гэтага часу вераць у тыя імёны, якія атрымалі ў дзяцінстве ці пазней – ад свету, прафесіі, і не вераць у веліч, якую падрыхтаваў для іх Бог.








All the contents on this site are copyrighted ©.