2012-02-07 15:48:38

“Homo caritatis”. Прарокі дэмакратычнай веры


Мы працягваем размаўляць аб фундаментах дэмакратычнага жыцця на падставе разважанняў хрысціянскага філосафа Жака Марытэна. У нашай сённяшняй праграме, я прапаную паразважаць аб прароках дэмакратычнай веры. “Гэтай веры неабходна вучыць і фарміраваць павагу да яе”, - адзначаў Марытэн. Ёй таксама неабходны тыя, хто, як і ў рэлігійнай веры, будзе яе прапаведваць, абуджаць сумленні людзей – тыя, хто стане сумленнем і голасам народа. На думку Марытэна развіццё дэмакратычнай веры немагчыма без прарокаў дэмакратыі.

Ітак, прарокі дэмакратыі, хто яны? Іх энергія і ўплыў не можа быць упісаны ў якую-небудзь канстытуцыю ці рэалізоўвацца ў рамках пэўнай установы. Іх парыў з’яўляецца асабістым і нараджаецца дзякуючы свабоднай ініцыятыве. І канешне народ патрабуе іх.

Такія служыцелі народа не з’яўляюцца яго абранымі прадстаўнікамі. Іх місія бярэ свой пачатак ў іх уласных сэрцах і сумленнях. У гэтым сэнсе яны самі “прызначаюць” сябе прарокамі. Яны неабходныя ў перыяд функцыянавання дэкамакратычнага грамадства, яго зараджэння ці поўнага абнаўлення, а таксама ў перыяды крызісу.

Падобныя на прарокаў людзі існавалі заўсёды і пры любых палітычных рэжымах. У мінулых стагодзях вакол каралёў заўсёды былі прадпрымальныя загадчыкі, любімыя дарадчыкі ці міністры, якія часта супернічалі паміж сабой. Кожны з іх лічыў, што яго погляды ці намаганні найбольш дакладна выражаюць волю караля. Яны часта рызыкавалі. Калі яны памыляліся, кароль звальняў іх, часам яны вымушаны былі ўцякаць на выгнанне, або іх проста казнілі. Падобна адбываецца ў таталітарных дзяржавах с чыноўнікамі ці палітычнымі групоўкамі, якія супернічаюць паміж сабой.

Сёння, у дэмакратычных дзяржавах ролю караля грае народ, а роль вялікіх дарадчыкаў – натхнёныя служыцелі народа. Як правіла, яны з’яўляюцца прапаведнікамі вызвалення – нацыянальнага, палітычнага ці грамадскага.

Пры звычайным функцыянаванні дэмакратычнага грамадства, такое палітычнае прапаведванне паходзіць ад людзей, якія адчуваюць сябе прызначанымі да лідэрства. Яны становяцца кіраўнікамі палітычных партый і прыходзяць да ўлады шляхам законнай працэдуры выбараў.

Але ў перыяд крызісу – гэта роля становіцца не такой фармальнай. Узгадайце аб айцах Вялікай Французскай рэвалюцыі ці Канстытуцыі ЗША, людзей падобных Тому Джэферсану ці Джону Браўну, якога адны лічаць героем, а другія злачынцам. Браўн лічыў, што Бог паклікаў яго да таго, каб знішчыць рабства ў Амерыцы сілай зброі. Ён захапіў збройны склад, але быў павешаны праз некалькі тыдняў пасля гэтага. “Цела Джона Браўна ляжыць у зямлі сырой, Але дух ягоны кліча нас у бой”, - пелі амерыканскія паўстанцы з поўначы краіны.

Узгадаем таксама айцоў італьянскага нацыянальнага адраджэння ці вызваленчага руху ў Ірландыі; або падумаем аб Гандзі ці айцах прафсаюзнага рабочага руху. Важнейшая справа натхнёнага служыцеля народа – абудзіць яго да чагосці лепшага, чым штодзённыя справы кожнага чалавека. Абудзіць да адчування вышэйшай, надчалавечай задачы, якая павінна быць выканана.

Гэта вельмі важны і неабходны сацыяльны феномен. І адначасова вельмі небяспечны, бо там, дзе ёсць натхненне і прароцтва, ёсць таксама сапраўдныя і ілжывыя прарокі, ёсць злачыны, якія імкнуцца падпарадкаваць сабе людзей, і служыцелі, якія імкнуцца іх вызваліць; людзі, якія натхняюцца цёмнымі інстынктамі і сапраўднай любоўю.

Гаворыцца – “народ трэба абудзіць”. Значыць ён спіць. Народ, звычайна, больш любіць спаць, бо абуджэнне заўсёды складанае і мала прыемнае. Паколькі размова ідзе аб штодзённых інтарэсах людзей, то яны аддаюць перавагу таму, каб усё ішло як звычайна: звычайныя цярпенні і прыніжэнні. Народ хацеў бы ведаць, што ён не народ. Вялікія гістарычныя перамены выклікалі тыя, хто быў упэўнены, што ў іх сканцэнтравана сіла народа, супрацьлеглая жаданню спаць. Напрыклад, у часы італьянскага Адраджэння ХІХ ст. большасць простых італьянцаў канешне не хацела вызваляцца ад аўстрыйскага панавання. Калі б у Амерыцы ў часы аднаго з лідэраў амерыканскай рэвалюцыі Самуэля Адамса правялі галасаванне, то наўрадці большасць прагаласавала б за вайну, за незалежнасць. Ва ўсіх гэтых выпадках большасць не мела б рацыі, а “ударныя меншасці” так. Такім чынам, роля людзей, якія адчуваюць у чым сапраўднае дабро народа, негледзячы на яго абыякаваць да ўласнага лёсу, вельмі важная і неабходная.








All the contents on this site are copyrighted ©.