2012-02-07 10:35:35

Кардынал Левада пра сексуальныя злоўжыванні: Касцёл мае абавязак супрацоўнічаць са свецкім заканадаўствам


RealAudioMP3 6 студзеня ў Рыме ў Папскім Грыгарыянскім універсітэце пачаўся маштабны міжнародны форум, прысвечаны тэме сексуальнага выкарыстання непаўналетніх. На ім сабраліся дзве сотні ўдзельнікаў з усяго свету, прадстаўнікі біскупскіх канферэнцый і манаскіх кангрэгацый. Ініцыятарам сустрэчы выступіла Кангрэгацыя Веравучэння, у кампетэнцыі якой знаходзяцца падобныя правапарушэнні. Прэфект ватыканскай дыкастэрыі, кардынал Уільям Левада, заклікаў удзельнікаў сур’ёзна паглядзець на гэту праблему ў рамках Касцёла. Ён узгадаў ліст Яна Паўла ІІ “Sacramentorum sanctitatis” ад 30 красавіка 2001 г., у якім памерлы Пантыфік ясна вызначыў цяжкасць падобнага злачынства. У далейшым Ян Павел ІІ і Бэнэдыкт XVI яшчэ больш узмоцнілі існуючае заканадаўства, пастанавіўшы, што ў выпадках крайняй цяжкасці трэба адмовіцца ад судовага разгляду справы сексуальнага выкарыстання непаўналетніх, і, калі існуюць ясныя факты злачынства, кіраваць справу непасрэдна да Святога Айца для звальнення злачынцы з духоўнага стану.

Кардынал Левада звярнуў увагу, што ў падобных выпадках Касцёл павінен пачуць ахвяру і ўспрыняць яе сітуацыю з усёй сур’ёзнасцю. Ён нагадаў, што Папа, падчас сваіх шматлікіх пастырскіх візітаў у Вялікабрытанію, на Мальту, у Германію, Аўстраліі і Злучаныя Штаты, даў асабісты прыклад таго, як важна прыслухоўвацца да ахвяраў. Прэфект Кангрэгацыі Веравучэння падкрэсліў важнасць адукацыі бацькоў і саміх дзяцей адносна з’явы сексуальнага насілля ў грамадстве ў цэлым. Некаторыя біскупскія канферэнцыі распрацавалі падобныя праграмы. Не меньш важнай з’яўляецца адукацыя будучых святароў і кансэкраваных асоб. Кардынал звярнуў увагу, што асаблівая ўвага павінна быць звернута на кандыдатаў да святарства, якія пераходзяць з адной семінарыі ў другую або змяняюць дыяцэзію.

Ватыканскі іерарх падкрэсліў, што “біскуп мае адказнасць за прадастаўленне адпаведнай матэрыяльнай падтрымкі святарам, у тым ліку абвінавачаным або прызнаным вінаватымі ў сексуальным гвалце, у адпаведнасці з нормамі кананічнага права”.

У заключэнні свайго выступлення на форуме кардынал Уільям Левада звярнуў увагу на важнасць супрацоўніцтва Касцёла са свецкай адміністрацыяй у расследаванні выпадкаў сексуальных злоўжыванняў. “Касцёл мае абавязак супрацоўнічаць са свецкім заканадаўствам, што тычыцца паведамленняў аб такіх злачынствах ў адпаведныя органы”. Але, з другога боку, як адзначыў прэфект Кангрэгацыі Веравучэння, святары і біскупы павінны пазбягаць кампрамісаў, якія б датычылі “унутранага сакраментальнага форуму, што павінен заставацца недатыкальным”.







All the contents on this site are copyrighted ©.