2012-02-06 12:40:07

Тэалагічны форум у Рыме: часцей звяртацца да сучаснай дыялектыкі веры і розуму


У Папскім Латэранскім універсітэце прайшоў VI Міжнародны тэалагічны форум. Галоўнай тэмай сустрэчы, арганізаванай Папскай акадэміяй тэалогіі, стала хрысталогія II Ватыканскага Сабору ў рамках дэкрэта “Optatam totius”, піша “Zenit”. Важнае месца ў ходзе дыскусій было ўдзелена даследаванням на тэму суадносін веры і розуму. Форум быў падзелены на 4 сесіі, на якіх старшынствавалі кардыналы Зянон Грахалеўскі, Джанфранка Равазі, Анджэла Амата і Марк Уэлле.

Рэктар Латэранскага ўніверсітэта Энрыка даль Коволо заклікаў тэолагаў у сваіх даследаваннях, у тым ліку хрысталагічнага характару, часцей звяртацца да сучаснай дыялектыкі веры і розуму. Ён нагадаў аб заяве Бэнэдыкта XVI аб актуальнасці даследаванняў, прысвечаных рэальнасці веры, неабходнасці новага сінтэзу тэалогіі і прыродазнаўчых навук, рацыянальнай і “кантэмпляцыйнай” тэалогіі.

Дэкрэт “Optatam Totius” быў прыняты на II Ватыканскім Саборы. Ён прысвечаны духоўнай адукацыі і падрыхтоўцы святароў у сучасных умовах. Асаблівую ўвагу дакумент надае неабходнасці развіцця пакліканняў да святарства і духоўнай падрыхтоўцы кандыдатаў. Значная частка дэкрэта рэгламентуе прынцыпы ладу, кіравання і навучання ў семінарыях.







All the contents on this site are copyrighted ©.