2012-02-06 14:02:56

Турцыя: у новай Канстытуцыі магчыма будзе прызнаны Каталіцкі Касцёл


Канстантынопальскі Патрыярх Барталамей І прыме ўдзел у пасяджэнні Вялікага нацынальнага сабрання Турцыі, на якім будзе абмяркоўвацца праект новай рэдакцыі Канстытуцыі краіны. Іерарх прадставіць членам Парламента свой пункт гледжання на праблему рэлігійных меншасцяў. Спецыяльна створаная парламенцкая камісія па пытаннях новай Канстытуцыі пажадала выслухаць меркаванні лідэраў розных рэлігійных супольнасцяў, прызнаных у Турцыі. Сярод іх прадстаўнікі Праваслаўнай, Армянская і Сірыйскай Цэркваў, а таксама юдаізма.

Паводле інфармацыі агенцтва “Fides”, гэты крок турэцкіх уладаў накіраваны на паляпшэнне стану рэлігійных меншасцяў і пашырэння іх свабоды. Акрамя таго, агенцтва “Fides” паведамляе, што ў новай турэцкай Канстытуцыі магчыма будзе юрыдычна прызнаны Каталіцкі Касцёл.

У планах уладаў Турцыі таксама падрыхтоўка Міністэрствам адукацыі законапраекта, паводле якога дзеці прадстаўнікоў армянскай, грэцкай і яўрэйскай меншасцяў змогуць атрымліваць адукацыю ў школах сваіх супольнасцяў, аднак у іх не змогуць вучыцца грамадзяне турэцкай нацыянальнасці. Гэта можа прывесці да закрыцця такіх школ з-за недахопу вучняў.








All the contents on this site are copyrighted ©.