2012-02-06 16:00:21

Рым: пачаўся сімпозіўм аб укладзе Касцёла ў барацьбу з сексуальнымі злачынствамі


RealAudioMP3 6 лютага у Папскім Грыгарыянскім універсітэце ў Рыме пачаўся міжнародны сімпозіўм пад назвай “Да аздараўлення і абнаўлення”. Форум прысвечаны ўкладу Касцёла ў барацьбу з сексуальнымі злачынствамі. Беларусь на мерапрыемстве прадстаўляе Дапаможны Біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоній Дзям’янка. У праграме мерапрыемства: дыскусіі, сустрэчы з ахвярамі сексуальных злачынстваў і пакутнае малітоўнае чуванне, якое ўзначаліць кардынал Марк Уэлле, старшыня Кангрэгацыі па справах Біскупаў. Яго ўдзельнікі ад імя ўсяго Касцёла будуць прасіць прабачэння ў ахвяр злоўжыванняў. На заканчэнне форума будзе абвешчана аб стварэнні спецыяльнага “Цэнтра па абароне дзяцей” з сядзібай у Мюнхене. У інтэрв’ю нашаму радыё кс. Ганс Цольнер, кіраўнік Інстытута псіхалогіі пры Грыгарыянскім універсітэце і дырэктар арганізацыйнага камітэта мерапрыемства, нагадаў, што адна з першых задач Касцёла – слухаць людзей, якія пацярпелі ад сексуальных злачынстваў, і дапамагаць ім. “Для некаторых людзей старонка Касцёла перагорнута назаўсёды, але і многія людзі шукаюць магчымасці для прымірэння з самімі сабой і тым інстытутам, прадстаўнікі якога іх паранілі. Акрамя таго, ёсць шмат людзей, якія імкнуцца дапамагаць Касцёлу, каб такія выпадкі больш зе здараліся”, - сказаў кс. Цольнер.

Святар адзначыў, што ў адносінах да тых, хто здзейсніў сексуальныя злачынствы павінны ўжывацца адпаведныя меры, лячэнне і большы кантроль за іх паводзінамі. На яго думку, увага грамадства да гэтай праблемы сёння вельмі ўзрасла.








All the contents on this site are copyrighted ©.