2012-02-06 13:01:49

Мексіка: пачаліся працы па выкананні трона для Святога Айца


Спецыяльны трон, на якім будзе сядзець Бэнэдыкт XVI падчас урачыстай св. Імшы з біскупамі Мексікі і Лацінскай Амерыцы ў катэдральным касцёле мексіканскага Ліона, зробіць Хасэ Круз Ганзалес Марцінэс. Агенцтва “CNA” адзначае, што мастак быў глыбока ўражаны навінай аб тым, што менавіта ён павінен выканаць трон для Папы. “Пасля таго як мне патэлефанаваў пробашч ліонскай катэдры і папрасіў узяцца за гэта заданне, я 13 дзён нічога не расказваў сваёй сям’і пакуль у мяне не вытрымалі эмоцыі”, - падзяліўся Хасэ Марцінэс.

Трон будзе зроблены з чырвонага мексіканскага дрэва і ўпрыгожаны гравюрамі. Яго ручкі будуць выкананы ў форме двух львоў – сімвала горада Ліона, дзе Папа будзе прабываць 23-26 сакавіка.

Акрамя Хасэ Марцінэса, у працы над тронам прымуць удзел 7 цесляроў, якія, па словах галоўнага выканаўцы, будуць працаваць па 12 гадзін у суткі, каб паспець закончыць працу да 20 лютага.

Пасля візіту Святога Айца трон будзе перададзены ў музей сакральнага мастацтва пры катэдральным касцёле Ліона.








All the contents on this site are copyrighted ©.