2012-02-05 13:05:10

Бэнэдыкт XVI перад “Анёл Панскі”: Перамагаць хваробы верай


5 лютага, перад малітвай “Анёл Панскі”, Бэнэдыкт XVI традыцыйна звярнуўся да вернікаў сабраных на плошчы св. Пятра ў Рыме з кароткім разважаннем, у якім заклікаў клапаціцца і суцяшаць хворых, а таксама памятаць аб веры – галоўным сродку ў змаганні з хваробамі. “Дарагія браты і сёстры! – сказаў Папа – Евангелле сённяшняй нядзелі прадстаўляе нам Езуса, які аздараўляе хворых: напачатку цёшчу Сымона Пятра, якая знаходзілася ў ложку з гарачкай, а Ён узяў яе за руку і падняў; затым у Кафарнаўме, усіх хворых, якія цярпелі на хваробы цела, розуму і душы. Ён “аздаравіў многіх і выгнаў многіх злых духаў” (Мк 1,34). Чатыры евангелісты падцвярджаюць, што вызваленне ад хваробаў рознага тыпу суправаджалася прапаведваннем, асноўным відам дзейнасці, якім Езус займаўся сярод людзей. У сапраўднасці, хваробы з’яўляюцца сімвалам дзейнасці зла ў свеце і чалавеку, у той час як аздараўленні паказваюць, што Валадарства Божае блізка. Езус Хрыстус прыйшоў перамагчы зло ў карані. Аздараўленне – гэта шлях яго перамогі, якая адбылася праз смерць і ўваскрасенне.

Аднойчы Езус сказаў: “Не здаровым патрэбны лекар, а хворым” (Мк 2,17). Гэтымі словамі Ён звяртаўся да грэшнікаў, да якіх Ён прыйшоў, каб паклікаць і збавіць. Таксама праўдай з’яўляецца тое, што хваробы, гэта такі чалавечы стан, у якім людзі моцна адчуваюць, што не з’яўляюцца самадстатковымі і маюць патрэбу ў іншых. У гэтым кантэксце мы можам сказаць парадаксальную рэч – хвароба можа быць момантам аздараўлення у якім можна адчуваць увагу іншых і дарыць сваю ўвагу таксама! Аднак, хвароба можа быць таксама выпрабаваннем, часам вельмі доўгім і цяжкім. Калі аздараўленне не прыходзіць і пакуты працягваюцца, мы можам адчуваць сябе падаўленымі, ізаляванымі, і тады наш стан становіцца прыгнечаным і менш чалавечым. Як трэба дзейнічаць перад абліччам гэтага нападу зла? Канешне з дапамогай адпаведнага лячэння – медыцына на працягу апошніх гадоў зрабіла вялізарныя крокі наперад – але Слова Божае навучае нас, што галоўным сродкам для таго, каб змагацца з хваробамі павінна быць вера. Гэта заўсёды паўтараў Езус людзям якіх аздараўляў: Вера твая ўратавала цябе (Мк 5, 34.36). Нават, перад абліччам смерці, вера можа зрабіць магчымым тое, што немагчыма для чалавека. Але вера ў ва што? У любоў Бога. Гэта адказ, якім мы канчаткова перамагаем зло. Як Езус перамог сатану сілай любові, якая прыходзіла да Яго ад Айца, таксама і мы можам перамагчы выпрабаванні хваробамі трымаюцы свае сэрцы адкрытымі на любоў Бога. Мы ўсе ведаем людзей, якія пераносілі жудасныя пакуты, таму што Бог даваў ім глыбокі спакой. Напрыклад благаслаўлёная Кьяра Бадано, якая ў вельмі маладым узросце была абцяжарана хваробай: але колькі людзе прыходзіла, каб наведаць яе і атрымліваць ад яе святло і давер! Перад абліччам хваробаў мы ўсе патрабуем чалавечага цяпла: каб суцяшаць хворых, больш чым словам, неабходна шчырасць і блізасць.

Дарагія браты і сёстры, у наступную суботу, 11 лютага, ва ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі з Лурда адзначаецца Сусветны дзень хворых. Зробім таксама і мы, як людзі ў часы Хрыста: духоўна прадставім яму ўсіх хворых, з даверам, што Ён можа іх аздаравіць. Папросім аб заступніцтве Маці Божай, асабліва ў сітуацыях цяжкіх пакутаў і адзіноты. Марыя, Здароўе хворых маліся за нас!

Пасля малітвы “Анёл Панскі” Папа нагадаў, што сёння ў Італіі адзначаецца Дзень для жыцця, мэтай якога з’яўляецца спрыянне абароне чалавека на ўсіх этапах яго жыццёвага шляху. “У гэтым годзе пасланне біскупаў прапануе нам паразважаць над тэмай: “Моладзь адкрытая на жыццё”, - сказаў Папа. Пантыфік адзначыў, што падтрымлівае ініцыятыву італьянскіх іерархаў і таксама лічыць, што сапраўдная маладосць рэалізуецца ў адкрытасці, любові і служэнні жыццю.








All the contents on this site are copyrighted ©.