2012-02-04 18:11:13

Біскуп Блін у Ватыкане: у Беларусі шмат клапоццяца аб чалавеку


RealAudioMP3 24-26 лістапада ў Рыме праходзіла Міжнародная канферэнцыя пад назвай “Пастырства медыцынскіх работнікаў і служэнне жыццю ў святле навучання бл. Яна Паўла ІІ”, арганізатарам якой была Папская рада пастырства работнікаў сферы аховы здароўя. У ёй прымала удзел дэлегацыя Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, на чале якой стаяў Біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін. Ён пагадзіўся адказаць на некалькі пытанняў.

Эксцэленцыя, раскажыце калі ласка аб тым, што гэта за канферэнцыя і якія пытанні на ёй вырашаліся?

Сустрэча, у якой мы ўдзельнічаем прысвечана 26-годдзю Папскай рады пастрыства работнікаў сферы аховы здароўя, створанай па ініцыятыве бл. Яна Паўла ІІ. Для ўдзелу ў сённяшняй сустрэчы былі запрошаны біскупы з усяго свету, якія ў сваіх мясцовых епіскапатах адказваюць за пытанні пастырства медыкаў. Увогуле, у сустрэчы прымаюць удзел каля 700 чалавек.

Касцёл клапоціцца аб тым, каб чалавек мог дасягнуць вечнага жыцця, але для таго, каб маліцца і адчуваць Божую любоў важна, каб чалавек быў здаровым. У здаровым целе – здаровы дух! Мы, як хрысціяне, дапамагаем чалавеку пражыць цяжкія хвіліны хвароб і пакут. Яго цярпенні могуць стаць вялікім благаслаўленнем. Чалавек, які адчувае цярпенне, знаходзіцца вельмі блізка да Езуса і нават дапамагае ў збаўленні свету, аддаючы свае цярпенні Богу. Калі не разумець гэтага, хвароба можа стаць для яго вялікай трагедыяй. Тады чалавек можа не разумець навошта ўсё гэта: Калі ёсць Бог – навошта гэтыя цярпенні? У такой сітуацыі неабходна, каб побач былі людзі, якія б дапамагалі кожнаму пражыць годнае жыццё да самай смерці. Неабходны таксама ўрачы, медсёстры і валанцёры, якія б працавалі не толькі дзеля прыбытку, а для таго, каб дапамагчы аблягчыць пакуты чалавека, вярнуць яму здароўе і шчасце, каб мог хваліць Пана на зямлі і такім чынам дайсці да неба.

Як абстаяць справы з душпастырствам работнікаў сферы аховы здароўя ў Беларусі? Ці гэта душпастырства накіравана толькі на каталіцкі медыцынскі персанал?

Як вы ведаеце, мы штогод праводзім у Віцебску канферэнцыі на тэму аховы здароўя, і я вельмі ўдзячны нашаму губернатару, які даў магчымасць працаваць і запрашаць гасцей з усяго свету. Я думаю, у гэтым важна тое, што ён сам з’яўляецца ўрачом і думае аб неабходнасці клопату аб хворых людзях. У Беларусі ўвогуле вельмі шмат клапоццяца аб чалавеку і кожны хворы мае магчымасць атрымаць высокакваліфікаваную медыцынскую дапамогу. З нашага боку, з боку святароў, як каталіцкіх так і праваслаўных, важна не пакідаць хворых людзей. Мы адкрываем капліцы, хочам мець магчымасць для таго, каб прыходзіць і маліцца, а таксама ўдзяляць сакрамэнт хворых і выконваць запавет Хрыста, які заклікае дапамагаць хворым і намашчаць іх святым алеем.

Эксцэленцыя, раскажыце калі ласка аб тым, што адбываецца у Віцебскай дыяцэзіі – чым яна жыве і што яе чакае ў бліжэйшы час?

Мы вельмі рады, што 15 снежня да нас завітае Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, які прыме удзел у перадкаляднай сустрэчы святароў, законнікаў, законніц і свецкіх, якая пройдзе у Новаполацку. Нам вельмі прыемна будзе правесці час чакання Божага Нараджэння разам з нашым нунцыем.









All the contents on this site are copyrighted ©.