2012-02-03 10:38:02

Арцыбіскуп Фізікелла: гандлёвыя цэнтры сталі “новымі плошчамі”, на якіх трэба абвяшчаць Евангелле


“У 2013 г. колькасць еўрапейскіх гарадоў-удзельнікаў ініцыятывы “Місіія ў мегаполісах” узрасце з 12 да 72”, - расказаў у інтэрв’ю “L’Osservatore Romano” арцыбіскуп Рыно Фізікелла, старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі. Іерарх падкрэсліў, што гэтыя лічбы выглядаюць вельмі сімвалічна, бо нагадваюць аб колькасці апосталаў і першых вучняў, якіх Хрыстус адправіў абвяшчаць Евангелле свету. Арцыбіскуп Фізікелла нагадаў, што перад святам Божага Нараджэння, ён цэлебраваў св. Імшу, у адным з самых вялікіх гандлёвых цэнтраў Еўропы. На яго думку, менавіта гандлёвыя цэнтры могуць стаць сёння “новымі плошчамі новых і старых гарадоў”, на якіх сустракаюцца людзі рознага узросту і сацыяльнага статуса, таму тут неабходна абвяшчаць Добрую Навіну. “Хрысціяне пакліканы нагадваць аб тым, што чалавек каштуе нашмат больш чым тое, што ён набывае ці прадае, і павінен заўсёды пытацца ў самаго сябе аб сэнсе свайго існавання”, - сказаў арцыбіскуп.

Іерарх расказаў, што зараз Папская рада па новай евангелізацыі актыўна працуе над складаннем каляндара мерапрыемстваў, якія пройдуць у рамках Года веры, пачатак якому дасць Бэнэдыкт XVI 11 кастрычніка 2012 г. “Мэтай кожнай ініцыятыва павінна стаць спрыянне ажыўленню веры народа Божага, лепшаму знаёмству і перажыванню асабістай сустрэчы з Езусам, такому жыццю, у якім заўсёды будзе месца жаданню глыбей разумець змест хрысціянства”, - сказаў арцыбіскуп Фізікелла. Іерарх заклікаў вернікаў пазнаёміцца з Апостальскім лістом Бэнэдыкта XVI “Porta fidei” (“Брама веры”), каб увайсці ў Год веры адпаведна падрыхтаваным і перажыць яго плённа.

Акрамя таго, арцыбіскуп нагадаў, што ў гэтым годзе будзе адзначацца 50-годдзе адкрыцця ІІ Ватыканскага Сабора, падзеі якая ахарактарызавала дзейнасць Касцёла ў ХХ ст.. на думку іерарха святкаванне гэтага юбілею стане таксама адной з асноўных падзей 2012 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.