2012-02-02 16:05:07

Кс. Ігар Лашук: патрэбна адзінства паміж касцёльнымі ўладамі і манаскімі супольнасцямі ў Беларусі


2 лютага, у свята Ахвяравання Пана, у Каталіцкім Касцёле адзначаецца Сусветны дзень кансэкраванага жыцця, калі вернікі ўсяго свету моляцца за законнікаў і законніц, людзей, якія цалкам прысвяцілі сябе служэнню Богу. У Беларусі, з нагоды гэтага свята, таксама адбыліся ўрачыстыя сустрэчы і набажэнствы. Гаворачы аб праблемах манаскіх супольнасцяў у нашай краіне, кс. Ігар Лашук, салезіянін, адзін з ініцыятараў стварэння ў краіне Канферэнцыі кіраўнікоў манаскіх кангрэгацый, адзначыў, што сёння на стан манаскага жыцця ўплывае распаўсюджаная спажывецкая культура, якая перашкаджае духоўнаму жыццю. “У нас існуе ўсё менш і менш людзей, якія ідуць за Панам і хочуць быць святлом для гэтага свету”, - адзначыў святар у інтэрв’ю нашаму радыё, гаворачы аб пакліканнях да кансэкраванага жыцця. Кс. Ігар падкрэсліў, што феномен спажывецтва закранае таксама і Касцёл, у якім чамусьці ўсё часцей больш увагі звяртаецца на працу, чым на малітву і будаванне адносін з Богам. Святар выказаў шкадаванне з прычыны адсутнасці кантэмпляцыйных манаскіх супольнасцяў у нашай краіне. “Асноўнай праблемай, якая мяне асабіста хвалюе – гэта духоўная лянота. Мы шмат працуем фізічна, але ці маем час на тое, каб засяродзіцца на Богу?”, - спытаў кс. Ігар.

“Пажадана, каб наш Касцёл аднавіўся духоўна. Каб было больш адзінства паміж паміж касцёльнымі ўладамі і манаскімі супольнасцямі. Гэта вельмі важна. Мы служым аднаму Богу і аднаму Касцёлу”, - сказаў святар.

Кс. Ігар падкрэсліў, што, нягледзячы на цяжкасці, Касцёл у Беларусі дынамічна развіваецца. Ён выказаў спадзяванне на рэалізацыю ініцыятывы па стварэнні Канферэнцыі кіраўнікоў манаскіх кангрэгацый у Беларусі, якая ўзнікла яшчэ ў 2008 г. “Гэта дасць новы імпульс жыццю манаскіх супольнасцяў у нашай краіне”, - падкрэсліў святар.








All the contents on this site are copyrighted ©.